Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Гутарыў Юры Дракахруст

Кіраўнік аддзелу адмысловых праграмаў ОРТ Павал Шарамет камэнтуе закіды аб сваім нібыта дачыненьні да зьнікненьня Зьміцера Завадзкага.

Такія абвінавачаньні прагучалі сёньня ў Магілеве з вуснаў Лукашэнкі.

Нагодай для абвінавачаньня стаў паказ на ОРТ фільма Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне", прысьвечанага справе Завадзкага. Сёньняшнія абвінавачаньні Лукашэнкі Павал Шарамет пракамэнтаваў нашаму радыё.

(Шарамет: ) "Гэты правакатар можа казаць усё, што ён жадае, але за ягонымі словамі – нічога, акрамя хлусьні. Бо ім няма чаго сказаць. Бо людзі, якія маюць дачыненьне да зьнікненьня Завадзкага, працавалі ў Службе бясьпекі прэзыдэнта. Іншыя затрыманыя людзі працавалі ў атрадзе "Алмаз".

Лукашэнка моліць Бажэлку, каб той праўды нікому не казаў аб тым, як ідзе сьледзтва па Завадзкаму. Бо яны хаваюць тое, што целаахоўнікі Лукашэнкі замяшаныя ў гэтай справе. Што ён можа адказаць, калі чатыры месяцы маўчалі, і зараз ужо няма магчымасьці маўчаць?

Мы зрабілі вельмі карысны фільм і вельмі акуратна. Ня ўсе дадзеныя, якія былі ў нас, мы паказалі ў фільме".

(Кар.: ) "Лукашэнка сказаў, што зьяўленьне ў эфіры ОРТ гэтага фільма ёсьць нейкім вынікам альбо працягам агульнай палітыкі, якую праводзяць апазыцыйныя сілы як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Ці гэта так?"

(Шарамет: ) "Тое, што зьявіўся фільм, ня мае ніякага дачыненьня да дзейнасьці апазыцыйных сілаў у Беларусі ці за мяжой. У мяне няма ніякіх адносінаў з апазыцыйнымі лідарамі ў Беларусі. Гэты фільм зьявіўся толькі таму, што зьнік наш апэратар. І калі б мы не рабілі фільм, а маўчалі, то Лукашэнка казаў бы: вось, маўляў, бачыце – яны маўчаць, нічога ня кажуць, ня робяць нават фільма пра свайго сябра, бо гэта яны яго выкралі.

Мы працягваем пошукі нашага апэратара. І калі ў нас будуць новыя дадзеныя, то мы зробім яшчэ пяць такіх фільмаў. Калі Лукашэнка знойдзе Завадзкага, то я асабіста прынясу свае прабачэньні Лукашэнку і скажу, каб беларускі народ заўсёды галасаваў за гэтага прэзыдэнта".

(Кар.: ) "Ваш канал у значнай ступені кантралюецца расейскай дзяржавай. Ці ня ёсьць зьяўленьне гэтага фільма на вашым канале знакам нейкіх зьменаў у расейскай палітыцы?"

(Шарамет: ) "Ёсьць такі знак у тым, што фільм зьявіўся на ОРТ. Таму што Лукашэнка ўстыў ужо ўсім у Расеі, і няма моцнай палітычнай сілы зараз, якая б падтрымлівала беларускага дыктатара. Бо гэта ўжо адыёзная палітычная фігура, і ён досыць атрымаў ад Расеі – таму зараз ужо прыйдзецца плаціць па гэтых рахунках".

XS
SM
MD
LG