Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Міжурадавае пагадненьне пра ўвядзеньне адзінай грашовай адзінкі саюзнай дзяржавы камэнтуе Юры Дракахруст.

Прынцыповае адрозьненьне падпісанага дакумэнту ад папярэдніх палягае ў тым, што ў ім беларускі бок пайшоў на істотную саступку, якой ад яго расейскі бок дамагаўся яшчэ падчас перамоваў пра адзіную грашовую сыстэму, што ішлі пры Кебічы.

Падпісанае сёньня пагадненьне прадугледжвае, што з 1 студзеня 2005 году эмісійны цэнтр адзінай валюты будзе знаходзіцца ў Маскве. Да апошняга часу афіцыйны Менск настойваў на тым, каб эмісіяй агульнай грашовай адзінкі займаўся адмысловы камітэт, у якім абедзьве краіны мелі б роўную колькасьць галасоў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка цалкам слушна заўважаў, што гэта ёсьць прынцыповае пытаньне сувэрэнітэту краіны. Магчыма, зараз ён стаў закладнікам сваёй інтэграцыйнай палітыкі. Пазбавіўшы сябе іншых варыянтаў, ён ня здолеў супрацьстаяць патрабаваньням Масквы.

Абяцаньне, што потым, у 2008 годзе зьявіцца нейкая новая адзіная валюта і, магчыма, новы эмісійны цэнтр, выглядае ня больш, чым падсаложваньнем горкай пігулкі для беларускага боку.

Праўда, фармулёўка наконт адзінага эмісійнага цэнтру ў Маскве – крыху няпэўная: незразумела – маецца на ўвазе Масква гэаграфічная ці палітычная. Калі размова ідзе пра тое, што агульныя грошы будзе друкаваць цэнтральны банк Расеі – тады, сапраўды, падпісаная сённьня дамова – істотная саступка нацыянальнага сувэрэнітэту. Калі ж маецца на ўвазе толькі гэаграфічнае месцазнаходжаньне адзінага эмісійнага цэнтру, то гэта ня выключае любыя варыянты, у тым ліку і сумесны кантроль над эмісіяй, што ўвесь час адстойваў беларускі бок.

Разам з тым за ня вельмі пэўныя, хаця і афіцыйна падпісаныя абяцаньні афіцыйны Менск ужо сёньня атрымлівае ад Расеі "жывыя" грошы – 100 мільёнаў даляраў. Хаця варта адзначыць, што яшчэ некалькі месяцаў таму размова ішла пра значна большыя сумы – да 300 мільёнаў даляраў, якія Беларусь можа атрымаць ад Расеі ў якасьці стабілізацыйнага крэдыту. Відаць, за гэты час крыху зьменьшылася цана абяцаньняў здаць эканамічны сувэрэнітэт краіны да 2005 году.

Зараз ва ўсім прынята бачыць пачатак перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Але ня выключана, што ў дадзеным выпадку перадвыбарчая ліхаманка сапраўды зрабіла свой уплыў. Па-першае, трэба ж расплочвацца за прызнаньне Расеяй парляманцкіх выбараў. Па-другое, Кебіч у свой час зрабіў памылку, паабяцаўшы прыход расейскага рубля падчас перадвыбарчай кампаніі. Правал аб'яднаньня грашовых сыстэмаў стаў адным з чыньнікаў паразы Кебіча. Лукашэнка ж адкладае выкананьне такога ж абяцаньня да 2005 году, а за гэта на працягу году атрымлівае якія-ніякія, а ўсё ж 100 мільёнаў даляраў.

Ну, і нарэшце менавіта пэрспэктыва прэзыдэнцкіх выбараў можа рабіць расейскі ціск найбольш адчувальным. У гэтым сэнсе вельмі паказальная кампанія збору подпісаў дырэктароў беларускіх прадпрыемстваў пад лістом да Пуціна з умоўнаю назваю "Лукашэнка – наш прэзыдэнт у 2001 годзе". Ня будзем нават казаць пра ступень годнасьці такога пасланьня. Але заўважым, што неабходнасьць такога ліста можна патлумачыць толькі наяўнасьцю ў адрасата пэўных сумненьняў наконт кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG