Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 11 лістапада)
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч назваў "грубай фальшыўкаю" фільм Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне", які прысвечаны праблеме зьнікненьня Зьмітра Завадзкага й некаторых баларускіх апазыцыянэраў. "Белорусская деловая газета" надрукавала ліст вязьня менскае калёніі, аўтарства якога, магчыма, належыць дэпутату Андрэю Клімаву. Міхала Чыгіра зноў выклікалі на допыт у сьледчы камітэт.

На гэтым тыдні першы расейскі тэлеканал паказаў фільм Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне", у якім аўтар выклаў свае вэрсіі зьнікненьня апэратара Зьмітра Завадзкага ды іншых беларускіх апазыцыянэраў.

Ааўтар распавядае пра былога супрацоўніка "Алмазу" Ігнатовіча, затрыманага з-за падазрэньні ў замешанасьці да выкраданьня Завадзкага. Далей Шарамет аналізуе дзейнасьць профашыстоўскіх колаў у Беларусі, да якіх належыць Ігнатовіч. Атрымліваецца, што без патураньня ўладаў гэтая дзейнасьць прорасейскіх фашыстаў у Беларусі была б немагчымая…

Павал Шарамет не абыходзіць увагаю і зьнікненьні палітычных праціўнікаў беларускага рэжыма Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара. Усе зьнікненьні маюць як вонкавае, гэтак і ўнутранае падабенства, што й дазваляе зьнятым у фільме людзям казаць пра 37-ы год.

(Захаранка: ) "Першы час, калі выкралі майго мужа, да мяне прыходзілі людзі, і замест таго, каб гаварыць, яны мне пісалі на запісачках. Я пытала, гэта што – 37 год? Яны адказвалі – канешне".

Гэта казала ў фільме Шарамета жонка зьніклага міністра ўнутраных справаў Вальга Захаранка.

І як жа беларускія ўлады адрэагавалі на фільм Паўла Шарамета? Некаторыя вышэйшыя чыноўнікі, як міністар юстыцыі Юры Варанцоў, пасьпяшылі заявіць, што фільм не глядзелі… А вось кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч, аказваецца, знайшоў час і для прагляду, і для камэнтару агэнцыі "Интерфакс". Паводле гэтае крыніцы, Мясьніковіч назваў "грубай фальшыўкаю" шараметаўскую вэрсію зьнікненьня Завадзкага, а сам фільм палічыў "неаб'ектыўным". Прычына — маўляў, не адлюстраваная праца праваахоўных ворганаў у пошуку Зьмітра Завадзкага.

Нагадаю, аднак, што гэтыя пошукі вядуцца зь 7 ліпеня, а выніку ўсё няма. Як няма й вынікаў расьсьледваньня зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. І журналісты маюць права рабіць з гэтага адпаведныя высновы.

* * *
На гэтым тыдні мы ўжо паведамлялі пра турэмнае жыцьцё дэпутата Андрэя Клімава, са словаў ягонае жонкі Тацяны, якая атрымала першае за тры гады зьняволеньня мужа трохдзённае зь ім спатканьне. І вось дадатковая інфармацыя — з "Белорусской деловой газеты"…

Лягічна запытацца, няўжо турэмная цэнзура прапусьціла Клімава на старонкі апазыцыйнае прэсы? Ані станоўча, ані адмоўна адказаць на гэтае пытаньне пакуль немагчыма. Справа ў тым, што ліст вязьня менскае калёніі, надрукаваны ў нумары "БДГ" за 9 лістапада, падпісаны толькі "Андрэй К.". У рэдакцыі сьцьвярджаюць, што ў такім выглядзе ліст і прыйшоў да іх па пошце.

А ці Клімаўскае гэта пасланьне, лічыце самі: "Жыву ў 13-м атрадзе, сплю на першым ярусе. Пакуль не працую на мясцовай фабрыцы. Выконваю ўнутраны рэжым калёніі і ненавіджу рэжым Лукашэнкі", — піша аўтар ліста Андрэй К. Далей ён паведамляе, што пакуль не бачыў у турме дэпутата Ўладзімера Кудзінава й дзеліцца такімі назіраньнямі за турэмным жыцьцём: "Не зубры, а турмы ёсьць цяперашнія сымбалі Беларусі, а зэкі — яе сапраўдныя грамадзяне… Цяперашні дзяржаўны рэжым дапамог разьвіць нашым суайчыньнікам самыя горшыя свае якасці. Ёсьць з каго браць прыклад. Сапраўдныя злачынцы не сядзяць разам з намі, яны нават не баяцца паказвацца па тэлевізіі", — гэтак лічыць вязень менскае калёніі Андрэй К. Магчыма, Андрэй Клімаў.

* * *
І напрыканцы — зьвесткі пра Міхала Чыгіра. Як ён і прадбачыў, зноў заварушылася другая крымінальная справа супраць яго — з падазрэньняў у нявыплаце падаткаў за пэрыяд працы ў Маскве два гады таму. Праўда, экс-прэм'ер перакананы, што справа гэтая ў юрыдычным сэнсе безпэрспэктыўная, бо ўсе неабходныя падаткі ён выплаціў. У пятніцу Чыгіра выклікалі на чарговы допыт у сьледчы камітэт, пасьля якога экс-прэм'ер сказаў радыё Свабода

(Чыгір: ) "Я зрабіў заяву аб тым, каб мне гэтыя падаткі вярнулі назад, таму што ёсьць у законе спасылка, што калі чалавек не жыве на тэрыторыі рэспублікі больш чым 6 месяцаў (не жыве, працуе за мяжой), то ён тады гэтыя падаткі і не павінен плаціць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG