Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 лістапада 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынём Магілеўскага абласнога выканкаму былога віцэ-прэм'ера Барыса Батуру.

Мяркуецца, што заўтра Лукашэнка асабіста пазнаёміць Батуру з кіраўніцтвам вобласьці. Акрамя таго, заўтра адбудзецца паседжаньне абласнога савету, які, хутчэй за ўсё зацьвердзіць кандыдатуру новага кіраўніка вобласьці.

Паводле словаў прэсавага сакратара Лукашэнкі Міколы Барысевіча, на паседжаньне будуць запрошаныя надоечы абраныя ад Магілеўскае вобласьці дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", кіраўнікі адміністрацыяў буйнейшых раёнаў, а таксама кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў.

Гэта ўжо ня першае за апошні час прызначэньне віцэ-прэме'ра ўраду на "губэрнатарскую" пасаду. Прыблізна паўгады таму Берасьцейскую вобласьць узначаліў Васіль Даўгалёў.

Хутчэй за ўсё, перавод кіраўніком Магілеўскага абласнога выканкаму зьяўляецца нядрэнным прызначэньнем для Барыса Батуры. Па-першае, Магілеўская вобласьць, радзіма Лукашэнкі, якая дае яму вялікую падтрымку, сёньня лічыцца вельмі значнаю. Па-другое, ва ўрадзе Батура займаўся жыльлёва-камунальнай гаспадаркаю і ў прыватнасьці забясьпечваў гэтую гаспадарку палівам на зіму. А значыць, заўсёды заставаўся пад пагрозаю адстаўкі. Праўда, на новай пасадзе Барыса Батуру чакае вельмі сур'ёзнае выпрабаваньне, а менавіта — прэзыдэнцкія выбары наступнага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG