Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

У Воршы сёньня ў межах агульнабеларускай моладзевай акцыі адбыўся санкцыянаваны пікет.

А 13-й гадзіне на пляцоўцы каля гарадзкога кіно "Перамога" распачаўся санкцыянаваны пікет. Ягонымі арганізатармі сталіся тутэйшыя варшанскія філіі Згуртаваньня беларускіх студэнтаў, Маладога Фронту ды моладзевая арганізацыя "Зьвяз".

Прадстаўнікі кожнай з гэтых суполак раздавалі варшанскім мінакам буклеты з інфармацыяй пра сваю дзейнасьць ды падрыхтавалі адмысловыя плякаты, агульны сэнс якіх зводзіўся да таго, што моладзь патрабуе пераменаў ды хоча сама вырашаць уласны лёс. У прыватнасьці, на плякатах былі выказаныя патрабаваньні скасаваньня абавязковае ваеннае службы ды абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў.

Акрамя гэтага, пікетоўцы, якіх было амаль 80 чалавек, проста на вуліцы танчылі ды сьпявалі беларускія песьні. Да іх далучыліся і госьці, што прыехалі ў Воршу зь Менску, Магілеву ды Горак.

Як стала вядома карэспандэнту Радыё Свабода, напярэдадні пікету ў Варшанскім пэдагагічным каледжы намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы Натальля Грыгаровіч праводзіла пагрозьлівую папераджальную гутарку з навучэнцамі, палохаючы іх усялякімі карнымі захадамі за ўдзел у пікеце аж да выключэньня. Можа таму ніводнага прадстаўніка каледжу сярод пікетоўцаў не было.

Дзьвюхгадзінны пікет, тым ня менш, на думку арганізатараў, прайшоў пасьпяхова. Асабліва ўлічваючы тое, што гэта была першая ўласна моладзевая акцыя ў Воршы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG