Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(эфір 12 лістапада)
Адразу пасьля 15-ці гадзінаў ля гарадзенскага Дому сувязі зьявілася моладзь — каля 50-ці чалавек. Яны разгарнулі плякаты з тэкстамі «Моладзь патрабуе пераменаў!» ды іншымі. А таксама пачалі раздаваць гараджанам улёткі.

Празь некалькі хвілін пад'ехалі дзьве міліцэйскія машыны. Выйшаў тэлеапэратар, які пачаў здымаць пікет. Паставіўшы відэакамэру на галаву, ён павярнуўся вакол восі, зфільмаваўшы таксама ўсіх, хто стаяў навокал.

Міліцыянты адразу забралі Сьвятлану Нех і Андрэя Мялешку, кіраўніка мясцовага Маладога Фронту. Сьвятлана — намесьніца кіраўніка Маладое Грамады. Яны ўдвох падавалі заяўку на сёньняшні пікет. Кіраваў затрыманьнем вядомы моладзі капітан Вялічка. На чале ўсёй акцыі быў палкоўнік міліцыі.

Затым зьявіўся яшчэ адзін тэлеапэратар, напэўна з КДБ, які вельмі падрабязна адлюстроўваў усіх, хто прысутнічаў перад Домам сувязі. Як толькі двух першых затрыманых павезьлі, пад'ехаў невялікі аўтобус і мікрааўтобус з АМАПам. Агулам было больш за 20 міліцыянтаў. Яны хуценька засадзілі ў аўтобус усіх пікетоўцаў, якія трымалі сьцягі або плякаты. Адзін з затрыманых выставіў у вакно плякат: «Зьмяні жыцьцё, пачні сёньня».

Апэратары працягвалі фільмаваць усіх, хто застаўся. За рогам будынку чакалі яшчэ дзьве АМАПаўскія машыны. У адной ляжаў груд чорных мэталічных шлемаў са шчыткамі. Трыццаць маладзёнаў накіраваліся да Ленінскага раённага аддзелу міліцыі, куды былі дастаўлены затрыманыя. Сярод удзельнікаў акцыі было шмат падлеткаў нават па 15-16 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG