Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны абвясьціў лістапад месяцам Уладзімера Караткевіча. Нагодаю сталася набліжэньне 70-годзьдзя клясыка нацыянальнага гістарычнага раману. Пра тое, чым будзе напоўнены юбілейны Караткевічаўскі лістапад, распавядае ў інтэрвію нашаму карэспандэнту Валянціне Аксак загадчык аддзелу Скарынаўскага цэнтру прафэсар Адам Мальдзіс.

Уладзімер Караткевіч — гэта зьява ня толькі беларуская, як часта сьціпла думаем мы, ня толькі славянская, а агульнаэўрапейская, — падкрэсьліў на пачатку нашае размовы Адам Мальдзіс. На доказ слушнасьці гэтага цьверджаньня ён паказаў кнігу "Ўладзімер Караткевіч і яго творчасьць у эўрапейскім культурным аспэкце", якая толькі што выйшла зь лёгатыпам нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.

Кнігу склалі аўтары адзінаццаці краінаў, у якіх творы клясыка беларускага гістарычнага рамантызму шырака перакладаліся. Гэта найперш Польшча, Чэхія, Славенія, Летува, Украіна, Латвія, Вялікая Брытанія.

(Мальдзіс: ) "І таму мы, фарміруючы гэты зборнік, хацелі паказаць яго ва ўсім значэньні. Найперш для Эўропы. Для ўсяго сьвету мы тут пабаяліся сказаць. Таму што, безумоўна ж, у Злучаных Штатах ведаюць, у Канадзе ведаюць, але, на жаль, мала перакладалі".

На прэзэнтацыі гэтае кнігі й прыйшла ідэя прысьвяціць увесь лістапад ганараваньню асобы выбітнага пісьменьніка ды папулярызацыі ягонае творчасьці.

(Мальдзіс: ) "Міжвольна, без аніякага арганізацыйнага камітэту, кіруючыся толькі сваімі сымпатыямі і разумеючы значнасьць гэтай асобы, прыгадаўшы, што сапраўды ўперадзе многа мерапрыемстваў, мы так на хвалі эмоцый абвесьцілі лістапад месяцам Караткевіча. А цяпер мы глядзім, што сапраўды так, таму што літаральна ад запрашэньняў на сустрэчы няма адбою".

Плянуе вельмі цікавую выставу й сустрэчу з удзелам дыпляматаў згаданых краінаў мастацкі коледж імя Ахрэмчыка. Кінатэатар "Зьмена" ладзіць фэст мастацкіх фільмаў на сцэнары Караткевіча і дакумэнтальных — пра яго. У Доме літаратара рыхтуецца вялікая літаратурная вечарына.

Гэта — толькі частка менскае праграмы. На радзіме пісьменьніка ў дзень сямідзесяцігодзьдзя будзе адкрыты дзяржаўны літаратурны музэй. Дарэчы музэй адкрываецца ў даваенным радзільным доме, у якім і зьявіўся на сьвет будучы клясык. Маскоўскі Дом літаратара запрашае на караткевічаву вечарыну 24 лістапада. Безумоўна, — гаворыць спадар Мальдзіс, — будуць і іншыя імпрэзы, якія ўзьнікаюць, так бы мовіць, стыхійна.

(Мальдзіс: ) "Цікава. Няма аргкамітэту, улады, нібы вычэкваюць нечага, саюз пісьменьнікаў нібы вычэквае нечага, а стыхійна, у самых розных месцах (я б мог назваць дзясяткі адрасоў на тэрыторыі Беларусі і па-за ейнымі межамі), дзе ў той ці іншай форме адбудуцца ўшанаваньні".

Пры жыцьцці талент Уладзімера Караткевіча ня быў зразуметы. Але й цяпер размах пашанотных імпрэзаў далёка не такі, якога ён заслугоўвае. Час адпаведнага, сапраўды эўрапейскага, прызнаньня Ўладзімера Караткевіча, наперадзе, — лічыць Адам Мальдзіс.

XS
SM
MD
LG