Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Учора, будучы ў Мазыры, прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын наведаў і акцыянэрнае таварыства "Мазырскі солевыварачны камбінат", а сёньня дырэктарка ў эканамічных пытаньнях гэтага прадпрыемства Настасься Кезік адправілася ў сталіцу, у міністэрства эканомікі. Са згоды прэм'ера яна спрабавала разарваць адміністрацыйныя путы, што цягнуць экспартаздольнае прадпрыемства ў фінансавую багну.

Нягледзячы на павелічэньне экспарту сваёй прадукцыі, сёлета солевыварачны камбінат ня раз трапляў на мяжу фінансавага банкруцтва. Паводле слоў галоўнага інжынэра прадпрыемства Віталя Броўкі, у асобныя месяцы рэнтабельнасьць вытворчасьці дасягала мінус 40 адсоткаў. Інфляцыя прысьпешвала кошты на энэрганосьбіты, матэрыялы.

Аднак міністэрства эканомікі, грунтуючыся на ўказаньнях кіраўніка дзяржавы, дазваляла падвышаць кошт на палескую соль ня больш, як 5 адсоткаў за месяц. Штучна стрымліваўся замежны гандаль ўсталяваньнем даволі высокіх квотаў на пастаўку солі на ўнутраны рынак, хаця, як кажуць на камбінаце, сваёй сольлю яны могуць засыпаць патрэбы Беларусі 6-7 разоў.

Больш таго, цэнтар неабачліва ўмешваўся ў экспарт прадукцыі. Працягвае Віталь Броўка:

«Міністэрствам эканомікі ўведзена нават ніжняя мяжа кошту прадукцыі на экспарт. Што маецца на ўвазе? Даюць мінімум, ніжэй якога нельга прадаць соль», — зазначыў спадар Броўка.

Вугоршчыне, напрыклад, Міністэрства эканомікі патрабавала прадаваць соль ня менш як 40 даляраў за тону. Але каньюнктура там зьмянілася. Гэта добра адчулі суседзі-ўкраінцы, прапанаваўшы сваю больш танную соль. У выніку Мазырскі солевыварачны камбінат страціў вугорскі рынак.

Апроч таго, гарадзкія ўлады Мазыра ўсе апошнія гады ўзвальвалі на камбінат забесьпячэньне гораду цяплом і гарачай вадою, але разьлічваліся за гэта зь бюджэту абыяк. У сукупнасьці з жорсткім адміністраваньнем "зьверху" гэта й спрычыняла камбінат да ўсемагчымых фінансавых узрушэньняў.

XS
SM
MD
LG