Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Анатоль Тозік накіраваў сёньня на ймя Аляксандра Лукашэнкі дакумэнты з вынікамі праверкі вытворчага аб'яднаньня "Беларускалій". Галоўны кантралёр Беларусі прапануе перадаць справу ў Генэральную пракуратуру Беларусі. Але, здаецца, акрамя чыста эканамічнага аспэкту салігорскае справы, тут ёсьць і пэўны палітычны момант.

Тое, што старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю перш, чым даць справе ход, хоча даведацца рэакцыю Лукашэнкі, тлумачыцца перадусім важнасьцю салігорскага прадпрыемства для эканомікі краіны. Яно штогод дае бюджэту Беларусі каля дзесяці адсоткаў усёй валютнай выручкі. І таму, зразумела, любыя дзеяньні вакол флагмана папаўненьня беларускае казны далярамі ня могуць быць няўзгодненымі з Лукашэнкам. Тым больш, калі гаворка йдзе пра карныя санкцыі.

Генэральным дырэктарам салігорскага прадпрыемства пакуль што зьяўляецца Пётра Калугін. Чаму пакуль? Справа ў тым, што зусім нядаўна яго абралі дэпутатам гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў", а гэта азначае, што ён мусіць бліжэйшым часам пакінуць прадпрыемства і пераехаць на сталую працу ў Менск.

Дарэчы, у Салігорску да гэтага часу шмат хто не разумее, чаму кіраўнік "Беларускалія" падаўся ў "палату", бо матэрыяльна спадар Калугін істотна губляе. Ягоны заробак у "Беларускаліі" значна вышэйшы, чым дэпутацкі.

Падобна на тое, што ён мае інтарэсы палітычнага кшталту. У асобных палітычных колах Менску Пятра Калугіна, разам з дырэктарам менскага трактарнага заводу Міхалам Лявонавым, прафсаюзным лідэрам Уладзімерам Ганчарыкам, рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандрам Казуліным і некаторымі іншымі асобамі, разглядаюць як магчымага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад гэтак званае "трэцяе сілы", якая не зьвязаная ані з уладамі, ані з апазыцыяй.

А гэтая "сіла" можа быць вельмі моцнай. Верасьнёўскае апытаньне сацыялягічнае службы НОВАК паказавае, што за Лукашэнку ў верасьні былі гатовыя галасаваць 37 адсоткаў выбаршчыкаў, за адзінага кандыдата ад палітычнай апазыцыі — 10, а за кандыдата, роўнааддаленага ад Лукашэнкі і апазыцыі — 30. Няцяжка зразумець, што можа атрымацца, калі Пётра Калугін уключыцца ў выбарчую кампанію і ў сваёй праграме запіша прыкладна так:

"У "Беларускаліі" людзі зарабляюць і 200, і 300 даляраў, і больш. Абярыце мяне прызэдэнтам, і хутка вы ўсе будзе атрымліваць такія грошы…".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG