Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міхала Чыгіра зноў выклікалі на допыт у сьледчы камітэт міністэрства ўнутраных справаў, дзе расьсьледуецца эпізод зь "нявыплатай" экс-прэм'ерам падаткаў.

Сьледчыя працягваюць шукаць доказы сваім абвінавачваньням Міхала Чыгіра ў няўплаце падаткаў за пэрыяд ягонае працы ў Маскве ў якасьці прадстаўніка нямецкага канцэрну. Але паводле словаў экс-прэм'ера, робяць гэта дзіўным чынам.

Эпізод расьсьледуецца ўжо больш за год, але зь вялікімі перапынкамі. Актыўныя ж сьледчыя дзеяньні супадаюць з пэрыядамі палітычнае дзейнасьці Чыгіра. На гэты раз яго выклікалі на допыт хутка пасьля таго, як ён спыніў барацьбу за мандат у лукашэнкавы "парлямэнт" і заявіў, што выбары былі ўладамі сфальшаванымі.

Сёньня экс-прэм'еру давялося выслухваць пытаньні сьледчых адносна выкарыстаньня сродкаў, што былі выдаткаваныя нямецкім канцэрнам на адкрыцьцё прадстаўніцтва ў Маскве. Гэтым Міхал Чыгір займаўся цягам 1998 году. На такія пытаньні, сьцьвярджае Чыгір, ён адказваў ужо безьліч разоў, але сьледчых ягоныя адказы не задавальняюць. Яны зноў спрабуюць падвесьці справу да высноваў, што экс-прэм'ер няслушна плаціў падаткі.

(Чыгір: ) "Я заплаціў падаткі, але ж мне кажуць, што я мала заплаціў, я павінен быў заплаціць болей. Яны кажуць, што калі, напрыклад, я атрымоўваў грошы, каб плаціць у Маскве за кватэру 600 даляраў у месяц, то я з гэтых 600 даляраў таксама павінен плаціць падаткі. Гэта так разумеюць закон у нашай падатковай інспэкцыі і сьледчым камітэце. Там такая бязглузіца, што няма аб чым гаварыць. Я сёньня задаў там адно пытаньне: "Колькі я да вас буду хадзіць?"

Міхал Чыгір заяўляе, што ён ужо ня можа дакладна ўзгадаць некаторыя лічбы сваіх выдаткаў, бо адпаведныя дакумэнты ў якасьці справаздачы даўно адпраўленыя ў Нямеччыну. Таксама ён заўважае, што частка гэтых дакумэнтаў патрапіла да беларускіх сьледчых пад час леташняга вобшуку ў маскоўскім офісе прадстаўніцтва. "Але гэтыя дакумэнты сьледчых не задавальняюць, бо яны ня ўкладваюцца ў зададзеную схэму пра падаткавыя парушэньні. Такім чынам, сьледчыя ня ведаюць, як выканаць атрыманы зьверху загад і цяпер проста цягнуць час ды імітуюць нейкую дзейнасьць", — мяркуе Міхал Чыгір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG