Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Інжынэр-канструктар Магілеўскага аўтазаводу Барыс Бухель быў звольнены з працы неўзабавае пасьля таго, як напісаў скаргу на адміністрацыю прадпрыемства ў акруговую выбарчую камісію.

Ён звольнены з фармулёўкай" за сыстэматычнае невыкананьне працоўных абавязкаў без паважных прычынаў".

Інжынэра абвінавачваюць у тым, што ён на тры хвіліны спазьніўся на працу, за што атрымаў папярэджаньне.

Для актывіста Свабоднага прафсаюзу Бухеля гэта было ня першае адміністрацыйнае пакараньне.

Сёлета ў ліпені інжынэр-канструктар атрымаў вымову за невыкананьне пляну. Менавіта тады ён і яшчэ адзін інжынэр-канструктар накіравалі ў суд патрабаваньне адмены вымовы.

Барыс Бурхель узгадаў, што ён неаднаразова пісьмова інфармаваў адміністрацыю аб немагчымасьці выкананьня пляну ў 300-400 адсоткаў.

Аднак, суд да гэтага часу так і не вынес рашэньне.

Паводле заканадаўства, пасьля чарговага спагнаньня яго могуць звольніць з працы.

І звольнілі. Гэта адбылося неўзабаве пасьля адказу акруговай выбарчай камісіі на скаргу інжынэра-канструктара.

У тым лісьце ён напісаў, што напярэдадні выбараў у так званую палату прадстаўнікоў, у пятніцу 13 кастрычніка рабочых вызвалілі ад працы і прымушалі датэрмінова галасаваць.

Выбарчая камісія паведаміла, што гэтыя факты не ўстаноўленыя, а выбары адбыліся згодна з заканадаўствам.

Зараз спадар Бухель рыхтуе матэрыялы ў суд.

XS
SM
MD
LG