Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Візыт дырэктара Фэдэральнае службы замежнае выведкі Расеі Сяргея Лебедзева ў Беларусь распачаўся са скандалу. Аляксандар Лукашэнка ўжо ў першыя 5 пратакольных хвілінаў, у прысутнасьці журналістаў, падзякаваў галоўнаму расейскаму выведніку за "аналітычныя ды апэратыўныя матэрыялы, якія рэгулярна паступаюць з Масквы". Генэрал-лейтэнанту Лебедзеву нічога не заставалася, як паспрабаваць перавесьці гаворку ў іншае рэчышча.

Першапачаткова сустрэча Сяргея Лебедзева з Аляксандрам Лукашэнкам не плянавалася, расейскі генэрал меўся сустрэцца толькі са сваімі беларускімі калегамі. Але Лукашэнка ня мог ня выкарастаць магчымасьці пагутарыць з уплывовым сілавіком, а Лебедзеву нічога не заставалася, як прыняць запрашэньне.

Шкадаваньні пачаліся пазьней, калі Лукашэнка адразу ж пачаў дзякаваць генэрала за своечасовыя апэратыўныя матэрыялы, якія "дазваляюць спакойна перажыць самыя сур'ёзныя падзеі"…

Зьбянтэжаны стан расейскіх гасьцей лёгка растлумачыць. Служба замежнае выведкі падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту Пуціну, якому раз на тыдзень дырэктар Фэдэральнае службы й робіць адпаведны даклад. Згодна з законам Расейскае Фэдэрацыі "Аб замежнай выведцы" іншых асобаў інфармаваць забаронена. Але, паводле нечаканага прызнаньня Лукашэнкі, ён гэтак жа ў курсе ўсіх справаў, як і Пуцін (!). Паўстае пытаньне: або Лукашэнка бляфуе, або двайную гульню вядзе ня столькі Лебедзеў, колькі кіраўніцтва Расеі…

Афіцыйны пункт гледжаньня, агучаны на просьбу радыё Свабода кіраўніком прэсавае службы КГБ Фёдарам Котавым, наступны:

"Прэзыдэнта інфармуем мы, таму той, хто гэту інфармацыю інтэрпрэтаваў, няхай сам адказвае за свае словы. Зь іншага боку, я нічога не магу сьцьвярджаць, бо прэзыдэнцкую пошту не праглядваю. Магу толькі сказаць, што ёсьць шчыльныя кантакты на ўзроўні спэцслужбаў. Шмат узаемных візытаў. Патрушаў сюды прыяжджаў, мы ў Маскву езьдзілі, супольныя калегіі праводзім з ФСБ, кіраўнікі замежнае службы Расеі сустракаюцца з кіраўніцтвам нашага Камітэту… Гэта ж ня першая сустрэча. Трубнікаў, папярэднік Лебедзева на гэтай пасадзе, таксама ў нас неаднаразова быў. Гэта значыць — кантакты паміж спэцслужбамі ёсьць".

Гэта быў прэсавы сакратар беларускага КГБ Фёдар Котаў.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да былога старшыні КГБ Беларусі Ўладзімера Ягорава, які сказаў, што супрацоўніцтва ў абыход беларускага Камітэту дзяржаўнае бясьпекі раней было выключанае.

Але па гарачых сьлядох скандальнае заявы Лукашэнкі пачалі зьяўляцца некаторыі вэрсіі магчымых кантактаў расейскае выведкі зь беларускай уладаю. Адной з найбольш рэалістычных вэрсіяў называецца правядзеньне супольных захадаў у лякалізацыі беларускай апазыцыі. Але гэта толькі вэрсія. Назіральнікі адзначаюць, што і ў тым выпадку, калі такое супрацоўніцтва мае мейсца, і нават калі яго няма, пасьля такіх словаў Лукашэнкі, наўрад ці будуць афішавацца любыя дачыненьні Лукашэнкі з расейскімі спэцслужбамі.

XS
SM
MD
LG