Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лістапада 2000 г.


Міжнародная ліга правоў чалавека накіравала ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі з нагоды перасьледу незалежнай прэсы ў Беларусі.

Выканаўчы дырэктар гэтай няўрадавай арганізацыі, створанай пад эгідай ААН, Кэці Фіцпатрык выказвае ў лісьце глыбокую заклапочанасьць ў сувязі з працягам перасьледу незалежнай прэсы ў Беларусі – папярэджаньнем газэце "Наша Слова" і нападам на газэту "Шаг" у Баранавічах.

"Гэтыя ды іншыя трывожныя выпадкі апошняга часу – гаворыцца ў лісьце – перарэгістрацыя друкаваных выданьняў, канфіскацыя асобнікаў шэрагу незалежных газэтаў і напад на рэдакцыю газэты ёсьць яўнай спробай новага наступу на недзяржаўныя арганізацыі й незалежную прэсу ў Беларусі.

Асабліва гэта тычыцца тых выданьняў, што асьвятляюць палітычнае жыцьцё, парушэньні правоў чалавека, выступаюць у абарону пацярпелых, і – як у выпадку з "Нашым Словам" – садзейнічаюць разьвіцьцю беларускай мовы й культуры."

Міжнародная Ліга правоў чалавека, гаворыцца далей, "занепакоеная апошнімі крокамі ў кампаніі здушэньня свабоднай прэсы ў Беларусі.

Мы асабліва заклапочаныя тым, што гэты націск аднавіўся пры тым, што ўлады неаднаразова запэўнівалі ў сваім сур'ёзным стаўленьні да патрабаваньняў датрымоўваць стандарты АБСЭ на выбарах.

Мы лічым жыцьцёва неабходнымі для разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі ня толькі доступ да дзяржаўных медыяў, але адмову ад практыкі незаконных абмежаваньняў выхаду незалежных медыяў.

Мы заклікаем неадкладна спыніць грубыя парушэньні асноўных прынцыпаў свабоды прэсы і сходаў!" – гаворыцца ў лісьце Міжнароднай лігі правоў чалавека на імя Аляксандра Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG