Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

З амаль 6 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў штату Флёрыда, якія прагаласавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, усяго менш за тысячу галасоў аддзяляe кандыдатаў на пасаду новага прэзыдэнта Амэрыкі: рэспубліканца Джорджа Буша і дэмакрата, цяперашняга віцэ-прэзыдэнта Эла Гора.

Тое, што адбылося ў ЗША ў мінулы аўторак, амаль усе без выключэньня палітычныя камэнтатары называюць надзвычайнай палітычнай падзеяй. Ніколі яшчэ ход выбараў ня меў такі драматычны характар. Эл Гор стаў пераможцам выбараў паводле агульнай колькасьці атрыманых галасоў. Ягоная перавага над Джорджам Бушам дасягнула 200 тыс. галасоў. Гэта 0,2% ад агульнай колькасьці пададзеных галасоў.

Але вынік выбараў павінна вырашыць не агульная колькасьць атрыманых галасоў, а галасаваньне ў так званай Калегіі выбаршчыкаў, дзе кожны штат мае сваіх прадстаўнікоў. Лічба выбаршчыкаў у калегіі выводзіцца ад агульнай лічбы сэнатараў і сяброў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу. Перамога ў штаце адной з партыяў аўтаматычна вызначае, што сярод выбаршчыкаў ад штату будуць толькі яе прадстаўнікі.

На сёньняшні дзень Эл Гор можа разьлічваць на падтрымку 260 галасоў сяброў калегіі выбаршчыкаў, а Джорж Буш – 246. Дзеля перамогі неабходна мець падтрымку 270 галасоў. Такім чынам, усё вырашаецца ў штаце Флёрыда, якую ў калегіі будуць прадстаўляць аж 25 выбаршчыкаў. Тут цяпер у сувязі з мінімальнай перавагай аднаго з кандыдатаў ідзе пералік галасоў. Ён павінен афіцыйна скончыцца, калі ў Менску будзе ноч. Няма, аднак, пэўнасьці, што пералік гэты прынясе канчатковае вырашэньне канфлікту. Арганізатары выбараў чакаюць яшчэ атрыманьне каля 3000 галасоў па пошце ад амэрыканскіх вайскоўцаў і іншых грамадзянаў з замежжа. Улічваючы такую малую перавагу Буша, голас гэтых людзей можа быць вырашальным.

Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што ў адным з выбарчых участкаў (Палм Біч) улады прызналі несапраўднымі ажно 19.120 аддадзеных галасоў. Гэта больш за 4 % іх агульнай колькасьці. Сярэдняя ж колькасьць дыскваліфікаваных галасоў па ўсёй Флёрыдзе не дасягае і 1%. Дэмакраты лічаць, што пераважная большасьць дыскваліфікаваных у Палм Біч галасоў была аддадзеная ў падтрымку Гора.

У сувязі з гэтым яны падалі ў суд на адміністрацыю Палм Біч і патрабуюць цяпер паўтору галасаваньня ў гэтым раёне. І сапраўды, адміністрацыя Палм Біч надзвычай няўдала надрукавала выбарчыя бюлетэні. Прозьвішчы кандыдатаў былі зьмешчаныя на іх такім чынам, што гэта ўвяло ў зман некаторых выбаршчыкаў, асабліва сталага ўзросту. І таму спэцыяльная машына для галасаваньня адкінула запоўненыя імі бюлетэні.

Праўда, цяпер дзяржаўны назіральнік за выбарамі ў Флёрыдзе Біл Коульз праглядае гэтыя адкінутыя машынай бюлетэні, і некаторыя з іх прызнае сапраўднымі. Так што колькасьць галасоў аддадзеных за Буша і Гора павінна ўзрасьці. Але на карысьць каго? Адказ на гэтае пытаньне прыйдзецца яшчэ пачакаць.

Прыгадаем, што закон штату Флёрыда прадугледжвае 10-дзённы тэрмін атрыманьня бюлетэняў галасаваньня. Таму канчатковыя вынікі выбараў могуць быць вядомыя толькі, магчыма, праз тыдзень. Магчыма таксама, што імя новага, 43-га прэзыдэнта ЗША мы даведаемся толькі 18 сьнежня, калі адбудзецца паседжаньне Калегіі выбаршчыкаў ад штатаў.

XS
SM
MD
LG