Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 лістапада 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Беларускі Гэльсынскі камітэт працягвае кампанію аспрэчваньня вынікаў выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Сярод тых пракурораў, якія адмаўляюцца ўзбуджаць крымінальныя справы пра парушэньні выбарчага заканадаўства, зьяўляюцца вядомыя празь іншыя справы гучныя прозьвішчы.

Намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла распавёў, што ягоная арганізацыя робіць новыя захады дзеля скасаваньня вынікаў апошніх выбараў.

(Паганяйла: ) "Літаральна ўчора мы накіравалі яшчэ адзін ліст у пракуратуру гораду, у якой аспрэчваем дзеяньні пракурора Маскоўскага раёну Жынгеля. Ён фігураваў у справе Чыгіра ды справе пра забойства Мікалуцкага. За добрыя справы так вось ён быў заахвочаны падвышэньнем у пасадзе ды прызначаны пракурорам Маскоўскага раёну Менску", — сказаў Гары Паганяйла.

Паводле ягоных словаў, Віктар Жынгель трымаецца старое савецкае традыцыі — перасылаць скаргі тым, на каго скардзяцца:

"Жынгель у дадзеным выпадку перанакіраваў нашыя матэрыялы, дасланыя з пракуратуры гораду, непасрэдна ў акруговую камісію, дзеяньні якое мы абскарджвалі. Мы маем ужо адпаведныя адказы ад акруговае камісіі, якая лічыць, што ўсё добра, як кажуць, цудоўная маркіза, што яны ніякіх парушэньняў ня маюць", — зазначыў спадар Паганяйла, намесьнік старшыні Беларускага Гэльсынскага камітэту.

Гэтая арганізацыя цяпер зьбіраецца накіроўваць адпаведныя скаргі ў суды. Таксама праз суды БГК плянуе давесьці незаконнасьць самога йснаваньня камісіі на чале зь Лідзіяй Ярмошынай. Вось як пракамэнтаваў дзейнасьць Гэльсынскага камітэту Міхал Сухінін, супрацоўнік Міністэрства юстыцыі, які адказвае за рэгістрацыю грамадзкіх аб'яданьняў.

"Я чытаў заяву БГК адносна правамоцнасьці камісіі — ЦВК. Там шэраг спрэчных пытаньняў. Пагадзіцца ў поўным аб'ёме не магу", — сказаў спадар Сухінін. А Гары Паганяйла паведаміў падрабязнасьці дзеяньняў Беларускага Гэльсынскага камітэту ў судах.

(Паганяйла: ) "Скардзіліся на дзеяньні Цэнтральнае выбарчае камісіі… але рашэньне ўхваляў Вярхоўны Суд, а вышэй за Вярхоўны суд мы ня маем нічога.

Потым cкардзіліся ад імя БГК суб'ектам, што маюць права паводле артыкулу 116 Канстытуцыі зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд для спраўджаньня канстытуцыйнасьці тых нарматыўных актаў, паводле якіх быў сфармаваны Цэнтральны выбарчы камітэт. Атрымалі адказ з Канстытуцыйнага суду, і з гэтага адказу паміж радкоў прачытваецца, што Канстытуцыйны суд бачыць праблему з нашаю ЦВК. Праблема сапраўды ёсьць, але праз сваю ініцыятыву таксама ня можа ўзбудзіць справу", — сказаў спадар Паганяйла.

Ён распавёў і пра дзеяньні рэгіянальных пракурораў…

(Паганяйла: ) "З правінцыі адказы мы маем, у прыватнасьці, што да ашмянскага матэрыялу. Ёсьць паведамленьне пракуратуры Рэспублікі пра спадара Даўгалёва — яны накіравалі пракурору Берасьцейскае вобласьці нашае паведамленьне.

Пра шэраг іншых акругаў да нас прыходзяць матэрыялы", — паведаміў Гары Паганяйла.

Ён дадаў, што Беларускі Гэльсынскі камітэт апрацоўвае каля 70 выбарчых справаў, якія пакуль праходзяць стадыю пракуратураў ды судоў. Пасьля гэтыя справы будуць прадстаўленыя міжнароднай супольнасьці.

XS
SM
MD
LG