Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў Горадні адбыўся суд па адміністрацыйных справах, складзеных на Пятра Анісімовіча і Міколу Ворана. 1-га лістапада яны былі затрыманы каля помніка Янкі Купалы, пад час ушанаваньня памяці паэта. Абодва быццам бы непадпарадкаваліся міліцыі. Суд цалкам апраўдаў першага з іх, а Міколу Ворану быў прысуджаны штраф памерам адзін мінімальны заробак.

1-га лістапада каля шасьці гадзін вечара каля помніка Янкі Купалы перад Гарадзенскім унівэрсітэтам міліцыяй былі зьнянацку схоплены 23 чалавекі, якія стаялі з запаленымі сьвечкамі. Адна з жанчын чытала вершы паэта. Усе былі дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Але пратаколы аб непадпарадкаваньні і нецэнзурнай лаянцы былі складзены толькі адносна двух затрыманых.

У судовай зале знаходзілася каля дзесяці міліцыянтаў--тых, хто ажыцьцяўляў затрыманьне, і іхніх прыяцеляў. Паводзіліся яны упэўнена, сьмяяліся. Асабліва, калі Мікола Воран запатрабаваў перакладчыка, адмовіўшыся размаўляць з суддзём на расейскай мове. Перакладчык браў удзел у разборы, а таксама прадстаўнікі Хэльсінскага камітэту Аляксандр Антанюк і Аляксандр Аношчанка.

Пад час суду высьветлілася, што міліцыянты першымі хапалі тых, у каго заўважылі на грудзях бел-чырвона-белыя стужкі і эмблемы. Хаця людзі стаялі спакойна, трымалі ў руках сьвечкі і слухалі вершы.

Выслухаўшы паказаньні сьведкаў з абодвух бакоў, суддзя Сяргей Ярашэвіч не знайшоў у дзеяньнях Пятра Анісімовіча правапарушэньня і спыніў адміністратыўную справу адносна яго.

Міліцыянты сцьвярджалі, што абодва затрыманыя нецэнзурна лаяліся. Сьведкі, аднак, гаварылі, што тыя ніколі не карыстаюцца расейскай лаянкай. У першым выпадку суддзя даў гэтаму веры, у другім, чамусьці--не. Ён прызнаў, што сп-р Воран быццам бы сапраўды лаяўся. Але, маўляў, лаянка была выклікана незаконнымі дзеяньнямі міліцыі адносна яго. Карацей, была апраўданай. Таму ён карае яго штрафам памерам аднаго мінімальнага заробку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG