Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

На міжнародным кінафэсьце краінаў СНД й Балтыі "Лістапад", які распачнецца 22 лістапада ў Менску, амаль ня будзе беларускіх стужак. Бо большасьць зь іх — гэта, так бы мовіць, расейска-беларускія гібрыды, зробленыя расейцамі на вытворчых магутнасьцях "Беларусьфільму". Да таго ж намесьнік міністра культуры Беларусі Юры Цьвяткоў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі, прысьвечанай "Лістападу", назваў некаторыя расейскія стужкі, што будуць дэманстравацца ў часе кінафэсту, "фільмамі пра алігафрэнаў і розных там гомасэксуалістаў".

У Міжнародным кінафэсьце краінаў СНД й Балтыі "Лістапад-2000" возьмуць удзел восем краінаў, якія прэзэнтуюць 20 фільмаў. Плянуецца, што на фэст прыедуць знакамітыя кінадзеячы з Расеі, Летувы й Латвіі: Алег Янкоўскі, Станіслаў Гаварухін, Юоазас Будрайціс, Івар Калніньш, Данатас Банёніс, Марк Рудзінштэйн ды іншыя.

"Лістапад" мусіць распачацца дэманстрацыяй самай дарагой і найбольш скандальнай стужкі Міхала Пташука "Момант ісьціны", у якой амаль усе галоўныя ролі выконваюць расейскія артысты, а мільён даляраў выдаткоўвае на гэта беларускі бок. Прэм'ера стужкі плянавалася яшчэ сёлета, у траўні, да 55-е гадавіны Перамогі, але аўтары ня здолелі завершыць працу своечасова. Да таго ж узьніклі спрэчкі з аўтарам сцэнару Багамолавым, як быў незадаволены экранізацыяй. Стужка й дагэтуль канчаткова не падрыхтаваная, бо будзе дэманстравацца ў часе фэсту не ў сыстэме Dolby, як плянавалася, а ў монасыстэме.

Распавядае старшыня кінафэстывалю Расьціслаў Янкоўскі:

"Мы распачынаем фэстываль фільмам, які чакалі два с паловаю гады — гэта "Момант ісьціны" Пташука. Гэта будзе першы неафіцыйны паказ. Будзе прадстаўлены яшчэ адзін беларускі фільм рэжысэра Краўцова "Армія выратаваньня", — зазначыў Расьціслаў Янкоўскі.

Дарэчы пра непасрэдны ўдзел беларускіх стужак. "Армія выратаваньня" зьнятая не "Беларусьфільмам", а незалежнай студыяй "Відэафакт". Па-за афіцыйнай праграмаю фэсту будзе дэманстравацца нібыта беларуская стужка расейскага рэжысэра Дзьмітрыя Астрахана "Алхімікі", што была зроблена на"Беларусьфільме".

Што да непасрэдна расейскіх стужак на "Лістападзе", дык будуць дэманстравацца ўжо знакамітыя фільмы "Расейскі бунт" Прошкіна й скандальная стужка "Дзёньнік ягонае жонкі" Учыцеля пра інтымнае жыцьцё Буніна ў эміграцыі дый іншыя.

Чамусьці даволі крытычна паставіўся да часткі расейскае праграмы кінафэсту Юры Цьвяткоў:

(Цьвяткоў: ) "На экране зьяўляюцца ўсемагчымыя злачынцы, кілеры, розныя блакітныя, пэдафілы, гомасэксуалісты, адным словам, розныя масьці алігафрэнаў. Вось мне здаецца, што алігафрэны сёньня запаланяюць значную частку расейскага экрану, і ёсьць такія стужкі і ў расейскай праграме, якая будзе тут прысутнічаць на "Лістападзе".

Распавёў намесьнік міністра культуры Юры Цьвяткоў.

XS
SM
MD
LG