Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Лясная гаспадарка — адна зь нямногіх галінаў вытворчасьці ў Беларусі, дзе можна зарабляць валюту. Менавіта гэтым карыстаюцца некаторыя набліжаныя да ўладаў структуры. Паводле сьведчаньняў людзей, што задзейнічаныя ў сфэры лесанарыхтоўкі, зьнішчэньне каштоўных пародаў дрэваў дасягнула свайго апагею.

Найбольш шпаркімі тэмпамі йдзе высечваньне старых ды дарагіх дрэваў. Бук, канадыйская елка, дуб — найбольш прэстыжныя і запатрабаваныя на ўсясьветным рынку пароды. Але высякаюць іх у цалкам драпежны спосаб, бо ніякага аднаўленьня зьнішчанага ляснога фонду не адбываецца. А часам адразу ж на мейсцы высечкі, проста ў лесе, распачынаюць перапрацоўку драўніны. Прыкладам, у Бярэзінскім запаведніку наладжаная вытворчасьць паркету, а ў Белавескай пушчы працуе некалькі стацыянарных лесапілак.

Нарэшце, зь незалежнага расьсьледаваньня, якое правёў журналіст газэты "Беларуская маладзёжная" Сяргей Пульша, стала вядомым, што і ў Прыпяцкім запаведніку ў сакавіку мінулага году адчынілі цэх перапрацоўкі… дубу.

Гаворыць Сяргей Пульша:

(Пульша: ) "Гэта, пэўна, самы унікальны завод у Беларусі хаця б таму, што на яго будаўніцтва быў атрыманы крэдыт – 2 мільёны 796 тысяч 400 даляраў. І хутчэй за ўсё крэдыт, які быў выдадзены заводу, быў атрыманы ад Сусьветнага банку рэканструкцыі і разьвіцьця на прыродаахоўчую дзейнасьць. Дрэвы высякаюцца менавіта ў запаведніку. Усё гэта ідзе на экспарт у Нідэрлянды. Сыма кантракту на пастаўку дрэва – 30 тысячаў кубічных мэтраў па 100 даляраў за кубічны мэтар. На 6 мільёнаў 230 тысяч нямецкіх марак у Чэскую Рэспубліку ёсьць кантракты, ёсьць у тыя ж Нідэрлянды на 2 мільёны 250 тысяч дойчмарак. Там сур'ёзная такая вытворчасьць".

Хто канкрэтна займаецца нарыхтоўкаю ды вывазам драўніны, часта ня ведаюць нават лясьнічыя. Паводле расповедаў некаторых зь іх, дзейнічае тэлефоннае права: усялякія спробы высьветліць, адкуль, так бы мовіць, растуць ногі, скончваюцца спасылкаю на нейкага высокага чыноўніка.

Інфармацыя пра загадкавыя структуры на тэрыторыях запаведнікаў ды заказьнікаў упарта хаваецца. Гаворыць кіраўнік Беларускай экалягічнай партыі "зялёных" Міхал Фрыдлянд:

(Фрыдлянд: ) "Мы таксама спрабуем гэтым заняцца, але вакол адна таямніца. Вядома толькі, што пад выглядам санітарных высечак зьнішчаюць дубы ды іншыя каштоўныя пароды дрэваў. У 95-м годзе загадам Ціцянкова спрабавалі наладзіць гандаль дубовай драўнінаю зь Фінляндыяй, але калі мы націснулі, Фінляндыя адмовілася ад сумніўнага супрацоўніцтва.

Амаль усе падобныя апэрацыі праходзяць з санкцыі "Беларускага фонду запаведнікаў", дзе да нядаўняга часу кіраўніком быў усё той жа Ціцянкоў. Так, многія прыходзяць, скардзяцца на "анархію" ў запаведніках, але ніякіх дакумэнтаў няма. Пасьля таго, як не адбылася ўгода зь Фінляндыяй, увогуле ўся праца вядзецца напоўлегальна".

Гаварыў Міхал Фрыдлянд.

Сёньня ў Беларусі кантроль за выкарыстаньнем лясных багацьцяў амаль немагчымы. Міністэрства аховы прыроды й прыродных рэсурсаў згубіла прэрагатыву кантролю на запаведных тэрыторыях.

Гаворыць кіраўнік інфармацыйнага аддзелу Міністэрства Ніна Грыневіч:

(Грыневіч: ) "Мы цяпер не распараджаемся запаведнікамі, і гэта нонсэнс. Фармальна мы маем права кантраляваць, як захоўваецца прыродаахоўнае заканадаўства. Але ўсе запаведнікі перайшлі пад кантроль Управы справамі прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Што тычыцца выпадкаў злоўжываньня на тэрыторыях запаведнікаў, дык яны былі, я гэта ведаю. Ці маюць яны мейсца сёньня, сказаць з упэўненасьцю не магу, бо зараз мы — крыху іншы структурны аддзел".

Гэта была супрацоўніца Міністэрства аховы прыроды й прыродных рэсурсаў Ніна Грыневіч.

Але факты сьведчаць, што інтарэс уладных структураў да прыродных багацьцяў краіны, што даюць істотныя валютныя папаўненьні, прагрэсуе.

XS
SM
MD
LG