Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі мае неабмежаваны па часе мандат на сваю дзейнасьць і будзе працягваць працу. Пра гэта заявіў сёньня кіраўнік КНГ Ганс-Георг Вік пад час паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Ягоная заява было зроблена таму, што некаторыя мас-мэдыі паведамілі, быццам КНГ зьяжджае зь Менску ў траўні 2001 году.

Амбасадар Вік ня толькі абверг чуткі пра закрыцьцё групы, але й азнаёміў прысутных з новымі плянамі КНГ. Як і раней, галоўным застаецца выкананьне беларускімі ўладамі чатырох вядомых умоваў, без чаго міжнародная супольнасьць ня можа прызнаць любыя выбары ў Беларусі дэмакратычнымі й празрыстымі.

Акрамя таго, улічваючы пэўны досьвед выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў", КНГ будзе больш займацца мадэрнізацыяй і паляпшэньнем сыстэмы ўнутранага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі. Вырашана таксама пашырыць маніторынг за дзейнасьцю мас-мэдыяў і парушэньнямі правоў чалавека. Дзеля паляпшэньня выбарчага заканадаўства да працы будуць прыцягнутыя экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, а таксама венэцыянскае камісіі Рады Эўропы.

Паводле Ганса-Георга Віка, менавіта такія пляны ён прапаноўваў на апошнім паседжаньні Палітычнага камітэту АБСЭ ў Вене, і атрымаў там поўную падтрымку.

Прадстаўнікі апазыцыі акцэнтавалі ўвагу на ўроках нядаўніх выбараў.

Як і раней, палітыкі ад апазыцыі шмат казалі пра неабходнасьць аб'яднаньня намаганьняў. Аднак сёньня, бадай, упершыню прагучаў заклік да яднаньня ня толькі палітычнай апазыцыі, але й апазыцыі сацыяльнай — усіх тых, хто выступае за перамены ў Беларусі. Сярод патэнцыйных прыхільнікаў — і прафсаюзы, і няўрадавыя арганізацыі, і проста грамадзяне. Мікола Статкевіч, які старшыняваў на паседжаньні, нагадаў пра ўчорашнюю ініцыятыву дэмакратаў Воршы, якія прапанавалі стварыць рух пад назовам "Пераменаў!" Вырашана падрыхтаваць гэтае пытаньне больш грунтоўна й разгледзець яго на наступных сустрэчах.

Дарэчы, пасьля працяглага перапынку сёньня на нарадзе зьявіўся прадстаўнік Лібэральна-Дэмакратычнае партыі. Яна ўзнавіла сваю дзейнасьць у рамках Кансультацыйнае рады.

XS
SM
MD
LG