Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

Розьніцу ў зьнешнепалітычных канцэпцыях Альбэрта Гора і Джорджа Буша тлумачыць выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык. Яна таксама камэнтуе магчымасьць зьменаў у зьнешняй палітыцы ЗША ў дачыненьні да Беларусі. На сувязі Ню-Ёрк.

(Карэспандэнт: ) "У выпадку перамогі Буша як можа зьмяніцца амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Беларусі?"

(Фіцпатрык: ) "Я мяркую, што Буш сапраўды ўспрымаецца, як большы ізаляцыяніст, а менш, як актыўны ў галіне зьнешняй палітыкі. Ён мала наведваў іншыя краіны. Пад час дэбатаў ён з цяжкасьцю вымаўляў і ўспамінаў імёны лідэраў і з цяжкасьцю разумеў пытаньне Сэрбіі. Ён вельмі памылкова, на маю думку, выказаўся наконт таго, што Расея можа адыграць ролю ў Сэрбіі, што Расея можа пасярэднічаць у канфлікце, замест таго, каб прызнаць перамогу Каштуніцы, і гэта нас вельмі непакоіць. Асабліва ў пытаньні Расеі, а таксама і такой краіны, як Беларусь, дзе працягваецца барацьба за свабоду ад тырана.

Традыцыйна дэмакраты разглядаюцца як больш чуйныя да сацыяльных пытаньняў і пытаньняў правоў чалавека.

Калі б каманда Буша перамагла, магчыма, што пасада спэцыяльнага амбасадара ў справе СНД будзе зьліквідаваная. Мы такія чуткі чуем, што гэтая спэцыяльная пасада можа быць ліквідаваная, і яе кампэтэнцыя, у тым ліку пытаньні Расеі і Беларусі, могуць быць перададзеныя Радзе Бясьпекі. Мяркуецца, што калі Буш пераможа, яго памочнікам у справе нацыянальнай бясьпекі стане Кондаліза Райс. Яна вядомая па яе працы ў галіне кантролю за ўзбраеньнямі. Нам невядомая яе праца ў галіне правоў чалавека і гуманітарных пытаньнях. Яна нават стараецца дыстанцавацца ад такіх пытаньняў і ня ўцягваць Амэрыку занадта ў любыя інтэрвэнцыі за мяжой. Яна больш канцэнтруецца на пытаньнях кантролю за ўзбраеньнямі і вытворчасьці ўзбраеньняў. Гэта фактар, які можа пагоршыць амэрыканска-расейскія адносіны і адбіцца на цэлым тым рэгіёне.

Мы ня ведаем, каго каманда Буша хоча на месца Строўба Тэлбата. Мы гэта вельмі хочам ведаць, бо менавіта тая асоба, якая зойме гэтую пасаду, будзе мець большы ўплыў на Беларусь, чым прэзыдэнт краіны, якому, магчыма, будзе цяжка ўспомніць, дзе знаходзіцца Беларусь.

Мы ведаем, што Альбэрт Гор у ролі віцэ-прэзыдэнта, калі да яго зьвярнуўся цэлы шэраг праваабарончых групаў, каб ён узьняў пытаньне Беларусі пад час перамоваў з тагачасным прэм'ер-міністрам Расеі, яны атрымалі ад яго пазытыўны адказ, бо ён, верагодна, разумеў пра што ідзе гаворка ў Беларусі. І гэта нам дало надзею, што калі ён стаў бы прэзыдэнтам, то ён бы працягваў цяперашнюю амэрыканскую палітыку.

А сёлета гэтая палітыка стала значна больш жорсткай. Я думаю што гэта хутчэй тлумачыцца тым, што ўрадавыя чыноўнікі ніжэйшага рангу так рэагуюць на падзеі, што гэта ня ёсьць партыйнае пытаньне, што мы і бачым зь нядаўніх рэзалюцыяў Кангрэсу, якія падпісалі прадстаўнікі абедзьвюх партыяў. Сярод іх існуе вельмі сур'ёзная заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі і ў іх няма жаданьня падтрымліваць там дыктатарскі аўтарытарны рэжым.

Сапраўднае пытаньне – ці Амэрыка надалей будзе выступаць супраць палітыкі Расеі, якая падтрымлівае лукашэнкаў рэжым?"

(Карэспандэнт: ) "Кангрэсмэн Гейдэнсан, які ініцыянаваў прыняцьцё рэзалюцыі Кангрэсу ў справе Беларусі, прайграў выбары. Ці ў яго знойдуцца пераемнікі?"

(Фіцпатрык: ) "Менавіта пра гэта я падумала, калі сёньня раніцай я даведалася, што Гейдэнсан прайграў. Палітыка ў Злучаных Штатах этнічная, патрабуюцца этнічныя прадстаўнікі. Беларусы ня маюць моцную дыяспару. Яны вельмі актыўна паспрыялі прыняцьцю гэтай рэзалюцыі, але тым ня менш патрабуецца такі прадстаўнік, які паходзіць з таго ж народу, які разумее складанасьці і праблемы той краіны. Як вядома, бацьку Гейдэнсана ўратавалі беларускія партызаны, таму ён быў вельмі чуйным да пытаньняў Беларусі.

Тым ня менш гэта не азначае, што мы страцілі прыхільнікаў у Кангрэсе. Напрыклад, ёсьць Вайновіч з Агаё. Ён вельмі актыўна ўдзельнічае ў пытаньнях Беларусі. Ёсьць Крыстафэр Сьміт і Стэні Гоер, сустаршыні Камітэту Кангрэсу ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Яны праводзілі слуханьні наконт Беларусі, і яны вельмі моцна бароняць справу Беларусі. У Сэнаце ёсьць, безумоўна, Джэсі Гэлмс, сэнатар Сьміт са штатуАрэгон, Дурбін, які таксама спансараваў апошнюю рэзалюцыю, і я думаю, што падтрымка Беларусі вырасла ня толькі з прычыны этнічнага фактару, як у Гейдэнсана, але і з нагоды таго, што нашыя палітыкі заклапочаныя рэгіянальнай бясьпекай: калі яны бачаць краіну, дзе зьнікаюць людзі, калі яны бачаць палітычных вязьняў, старыя савецкія звычкі, яны насьцярожваюцца, яны ня хочуць такіх крокаў назад у гэтым рэгіёне Эўропы, які ёсьць стратэгічна важны для ЗША.

Я таксама думаю, што неведвальнікі з беларускай апазыцыі і праваабарончых групаў Беларусі пад час іх візытаў у ЗША таксама адыгралі важную ролю. Да іх прыслухоўваліся. Сэнатар Бэн Найтгорс Кэмбпэл, напрыклад, вельмі прыслухоўваўся да іх. Таму я думаю, што і надалей будзе шмат падтрымкі змагарам з дыктатурай у Беларусі, нягледзячы на тое, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах".

Гутарыў

XS
SM
MD
LG