Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лістапада 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 6 лістапада)
Учора ў Азэрбайджане адбыліся парлямэнцкія выбары, парамогу на якіх, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрымала праўрадавая партыя "Новы Азэрбайджан".

Выбары ў Азэрбайджане праводзіліся паводле зьмешанай сыстэмы: 25 дэпутатаў абіраліся паводле партыйных сьпісаў, 99 паводле прынятай, напрыклад, і у Беларусі мажарытарнай сістэмы.

Цэнтарвыбаркам паведаміў, што пераканаўчую перамогу паводле сьпісаў атрымала партыя "Новы Азэрбайджан", якую ўзначальвае 37-гадовы сын прэзыдэнта Аліева, Ілхам. "Новы Азэрбайджан" набраў больш за 70% галасоў выбаршчыкаў. Да апошняга часу паведамлялася, што ніводная іншая партыя не пераадолела 6-адсоткавы бар'ер, але поводле апошняй інфармацыі, што зьявілася сёньня ў другой палове дня, апазыцыйны Народны Фронт усё ж такі здолеў набраць крыху больш за 6% галасоў.

Ужо падлічаныя дадзеныя і па 57 з 99 аднамандатных акругаў. Чатыры з наноў абраных дэпутатаў па гэтых акругах – прадстаўнікі апазыцыйных Нараднага Фронту і партыі "Мусават".

На выбарах у Азэрбайджане прысутнічалі больш за 200 назіральнікаў ад АБСЭ, Рады Эўропы ды іншых міжнародных арганізацыяў. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі яны паведамілі несуцяшальныя вынікі сваіх назіраньняў: яны адзначылі фальсыфікацыю колькасьці выбаршчыкаў, парушэньні пры падліку бюлетэняў, пагрозы і запалохваньні назіральнікаў ад азэрбайджанскіх палітычных партыяў.

Наглядальнікі ад Рады Эўропы нагадалі, што яшчэ ў чэрвені афіцыйнаму Баку было паведамлена, што ўмоваю прыняцьця Азэрбайджану ў Раду Эўропы зьяўляецца правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў.

"Запрашэньне ў Раду Эўропы не азначае сьляпога даверу да палітычнага кіраўніцтва краіны," – адзначаецца ў заключэньні наглядальнікаў паводле вынікаў выбараў. Тым ня менш улады Азэрбайджану сьцьвярджаюць, што выбары былі свабоднымі, яны спасылаюцца пры гэтым на меркаваньні наглядальнікаў з Расеі, іншых краінаў СНД, а таксама з Ірану і Турцыі.

Кіраўнік сакратарыяту азэрбайджанскага парлямэнту Мірзоеў паабяцаў, што абвінавачаньні наглядальнікаў АБСЭ будуць дакладна правераныя, ён ня выключыў, што на пэўных участках могуць быць праведзеныя паўторныя выбары, калі грубыя парушэньні сапраўды пацьвердзяцца. Але ён выключыў магчымасьць правядзеньня паўторных выбараў па ўсёй краіне. Сп-р Мірзоеў выказаў меркаваньне, што крытычныя адзнакі назіральнікаў не паўплываюць на станоўчае рашэньне пытаньня пра прыём Азэрбайджану ў Раду Эўропы.

Лідэр Апазыцыйнай партыі Мусават Іса Гамбар лічыць, што выбары былі бруднымі з прычыны неверагоднага ўзроўню фальсыфікацыяў.
Сёння ў мястэчку Сал'ян каля Баку прайшоў пікет Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану з пратэстам супраць фальсыфікацыі выбараў.

Аналітыкі адзначаюць дрэнны стан здороўя азэрбайджанскага лідэра Аліева, выказваюцца меркаваньні, што абраньне яго сына Ілхама на пасаду кіраўніка праўрадавай партыі ёсьць падрыхтоўка спадкаемцы Гейдара Аліева. Сёньня ў размове з журналістамі Гейдар Аліеў дэманстраваў задавальненьне вынікамі выбараў. На пытаньне пра прэзыдэнцкія пэрспэктывы яго сына палітычны патрыярх адказаў: "Ілхам – не малое дзіця. Што ж да таго, каму я аддаю перавагу, гэта мая справа". А на абвінавачваньні, што ў улады быў сьпіс кандыдатаў, якім была гарантаваная перамога, прэзыдэнт адказаў: "Што я магу на гэта сказаць? Толькі пасьмяяцца. Гэта – бязглузьдзіца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG