Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лістапада 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У сярэднявечнай сталіцы Беларусі — Наваградку — у мінулыя выходныя адбылася навуковая канфэрэнцыя "Наваградчына на мяжы тысячагодзьдзяў. Здабыткі й страты".

Сёмы год запар праходзяць у Наваградку навуковыя сустрэчы. За гэты час, паводле словаў іхнага заўсёдніка прафэсара Конана, наваградца з паходжаньня, прэстыж роднага гораду ў вачох ягоных месьцічаў прыкметна ўзрос. Прафэсар выказаў шкадаваньне, што навуковы чыньнік патрыятызму, апрача яшчэ Полацку, Нясьвіжу, Карэлічаў, не выкарыстоўваюць астатнія, некалі слынныя беларускія месты.

Падзел местаў на сталіцы ды правінцыі ёсьць прынцыпам імпэрыяльных дзяржаваў, які запачаткаваў старажытны Рым ды з посьпехам пераняла Масковія. Беларусь за часам Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітае мела ці ня ў кожным месьце багатыя культурныя ды духоўныя асяродкі. І Наваградак пасьля страты статусу першае сярэднявечнае сталіцы ажно да самага захопу беларускіх земляў расейскай імпэрыяй ня траціў сваёй значнасьці ў творчым ды інтэлектуальным жыцьці краіны. Што пераканаўча паказалі ўдзельнікі ладжанай там, дарэчы, зь ініцыятывы мяйсцовага краязнаўчага музэю ды дома-музэю Адама Міцкевіча, навуковае імпрэзы.

Толькі два факты для прыкладу. У XVIII стагодзьдзі ў Наваградку было некалькі прыватных музэяў, пра гісторыю стварэньня якіх гаварыў дасьледнік з Горадні Аляксандар Дабрыян. І тады ж была напісаная першая навуковая манаграфія пра Наваградак, што стала вядома менскаму дасьледніку Вячаславу Чамярыцкаму.

Багатая спадчына Наваградка дала падставы дактарам навук Алесю Краўцэвічу ды Ўладзімеру Конану гаварыць пра фармаваньне на яе аснове пастулятаў беларускае нацыянальнае ідэі будучыні. Якая, несумненна, утрымлівае ў сабе і аксыёму саматворчасьці асобы ды места яе бытаваньня.

Прыкладам такога стаўленьня да сябе й свайго гораду можна назваць яшчэ аднаго ўдзельніка імпрэзы — маладога наваградзкага сьвятара Андрэя Яварца. Айцец Андрэй гаворыць са сваімі прыхажанамі роднаю моваю пра родную гісторыю ды культуру, штодня падвышаючы вартасьці і таго, і другога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG