Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лістапада 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

6 лістапада на 96-м годзе жыцьця памерла легенда беларускага тэатру Стафанія Станюта.

Зь ёю адыходзіць цэлая эпоха, першая эпоха прафэсійнага нацыянальнага тэатру, у які яна прыйшла 14-гадовай дзяўчынкаю разам з заснавальнікамі і які не пакінула на працягу ўсяго свайго доўгага веку.

Стафанія Станюта нарадзілася 13 траўня 1905 году ў сям'і слыннага менскага мастака Міхася Станюты. Атмасфэра высокае духоўнасьці, якая панавала ў доме, узгадавала ў прыгожай таленавітай дзяўчынцы шляхотную душу носьбіта сапраўднае нацыянальнае зоркі. Яены глыбокі народны талент ярка ўспыхнуў у далёкім 19-м на сцэне першага беларускага таварыства драмы й камедыі, адкуль юная акторка паехала ўдасканальвацца ў беларускуюдраматычную студыю, якая тады працавала ў Маскве.

Пасьля вучобы быў Беларускі драматычны тэатар – Два (так спачатку называўся тэатар у Віцебску), а з 32 году і да апошніх дзён жыцьця яна былы нязьменнаю прымаю купалаўскае сцэны. Грала вядучыя ролі ўсёй беларускае клясыкі, увасобіўшы ў сваіх гераінях шматколерны ўнутраны сьвет беларускіх жанчынаў. Яна жыла жыцьцём сваіх сцэнічных двайнікоў так, як ніхто ня ўмеў гэта рабіць, самазаглыблена й непаўторна. Ці то была пакутная купалаўская Марыля з "Раскіданага гнязда", ці то сьмеху вартая Крапівоўская Зёлкіна з "Хто сьмяецца апошнім".

А колькі незабыўных вобразаў яна стварыла ў беларускім кінематографе! "Чужая бацькаўшчына", "Белыя росы", "Радуніца" і многія іншыя назвы фільмаў выклікаюць з памяці найперш ролі Стафаніі Станюты.

Сталай Стафаніі Станюце рэжысэры — і тэатральныя, і кінематографу — найчасьцей давяралі ролі адпаведнага веку і яна зь імі бліскуча спраўлялася. Але сапраўдны трыюмф актрыса займела ў спэктаклі "Гаральд і Мод", сыграўшы сямідзесяцігадовую жанчыну са сьветаглядам і чуцьцём сямнаццацігадовае дзяўчыны. Самой Станюце было тады ўжо 80, але — Божа! — хто мог у гэта паверыць, гледзячы на яе лёгкую, амаль паветраную хаду, грацыёзныя рухі, чуючы малады гартаны радасны сьмех.

Партнэрам у тым спэктаклі быў тады зусім юны, а цяпер ужо выбітны купалаўскі актор Віктар Манаеў. Ён граў закаханага ў Мод-Станюту юнака. Не кахаць яе было немагчыма ўсім, хто хоць аднойчы сутыкнуўся зь яе сьветлым жыцьцярадасным талентам.

Стафанія Станюта назаўсёды застанецца ў памяці маладой і каханай. Іншай яна проста ня ўмела быць.

XS
SM
MD
LG