Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску прайшло першае паседжаньне рабочае групы ў справе стварэньня народнага руху "За перамены". Гэтая ініцыятыва належыць некалькім былым кандыдатам у дэпутаты г.зв. "Палаты прадстаўнікоў" ад Воршы. Адна з галоўных задачаў новага аб'яднаньня — вылучэньне й падтрымка адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

Першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту руху "За перамены" працягвалася сёньня больш за тры гадзіны. У прысутнасьці кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка, ягонага намесьніка Мішэля Рывалье, лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча, а таксама 25 былых кандыдатаў у дэпутаты з шэрагу рэгіёнаў Беларусі (пераважна ўсе яны сябры ці прыхільнікі БСДП) група з Воршы выступіла са сваёй ініцыятываю.

У заяве, якую падтрымалі мясцовыя арганізацыі партыі "Народная Грамада", Лібэральна-Дэмакратычнае партыі, Таварыстваў Беларускае Мовы й Школы, Гэльсынскага камітэту, мясцовымі Свабоднымі прафсаюзамі, гаворыцца, што новы рух "За перамены" хоча аб'яднаць усіх грамадзянаў, што выступаюць за хуткія і эфэктыўныя перамены ў беларускім грамадзтве.

Паводле аўтараў звароту, сёньня дзеля пераадоленьня палітычнага крызысу патрэбная рэальная сіла. Якая б здолела аб'яднаць вакол сябе розныя палітычныя й грамадзкія плыні. Аўтары заявы лічаць, што менавіта яны, былыя кандыдаты ў дэпутаты, маючы адпаведны досьвед выбарчае барацьбы, здольныя стварыць аснову новае сілы "За перамены".

Ініцыятыву стварэньня гэтага руху актыўна падтрымаў лідэр Сацыял-Дэмакратычнае "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч. Ён лічыць што толькі новыя людзі з багатым досьведам выбарчае барацьбы здольныя стварыць дзейсную структуру й перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Зварот аршанцаў – гэта заклік да адзінства новых сілаў, дадатковых сілаў, рэальных сілаў. Мы проста абавязаныя яго скарыстаць. З кім мы будзем працаваць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, з кім мы будзем наладжваць кантроль? А тут паглядзіце – новыя людзі. Іх сотні. За імі, за кожным, 15 рэальных людзей, не балбатуноў. Гэта мінімум 15, тых, хто сабраў подпісы. Гэта столькі трэба, каб сабраць у жніўні подпісы. За імі гэтых подпісаў – сотні тысяч. І што, мы ад гэтага павінны адмовіцца?"

Заявіў спадар Статкевіч.

Заўтра ён мае намер паінфармаваць пра стварэньне новага палітычнага руху сяброў Кансультацыйнае рады палітычных партыяў. Устаноўчы зьезд руху плянуецца правесьці ўжо ў гэтым месяцы. Мікола Статкевіч сьцьвярджае, што гэтая ініцыятыва не накіраваная супраць іншых палітычных аб'яднаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG