Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У мінулую суботу ў Горадні было ўрачыста адзначана праваслаўнае сьвята Абраза Казанскае Божае Маці. Ягоная копія знаходзіцца ў мясцовым Сьвята-Пакроўскім саборы. Правіць набажэнства прыяжджаў Патрыяршы экзарх Філарэт. У гэтым царкоўным сьвяце праглядаецца выразна палітычная прарасейская афарбоўка.

Адзін зь вернікаў сказаў мне, што сьвята Абраза Казанскае Божае Маці ніяк нельга параўноўваць з асноўнымі царкоўнымі сьвятамі. Напрыклад, з Пакровам або Спасам. Але апошнім часам яму пачалі надаваць асаблівую значнасьць. Пра гэта сьведчыць сам прыезд царкоўнага кіраўніка.

Здавалася б, дзе тая Казань, а дзе — Горадня. Аднак па радыё ўжо называюць Казанскую Божую Маці быццам бы заступніцаю Горадні. Цікава, ад каго — ад палякаў, ад NATO? Бо адначасова беларускія мас-мэдыі тлумачылі, што абраз гэты калісьці «ўратаваў Маскву ад палякаў». Або — «ад польскага войска». Але нават гэта — толькі палова праўды. Бо Масква была ў 1612-м годзе ўратавана і ад палякаў, і ад беларусаў — бо тады ў расейскай сталіцы стаяла агульнае войска Вялікага Княства Літоўскага й Польшчы… Знойдзены на гарэлішчы ў Казані абраз прывезьлі ў Маскву, і беларускае войска неўзабаве вярнулася дахаты. Ня дзіва, што менавіта ў Маскве сёлета казанскае сьвята адзначалася вельмі гучна.

Цікава, што і гарадзенскі, і маскоўскі абразы зьяўляюцца толькі копіямі. Сапраўдны быў скрадзены напачатку стагодзьдзя. Улады Казані зьвярнуліся ў Ватыкан, дзе быццам бы знайшлі арыгінал. 4 лістапада стала вядома, што Папа афіцыйна дэкляраваў вярнуць яго. Аднак Алексій ІІ — кіраўнік Расейскае Праваслаўнае царквы — тут жа назваў ініцыятыву самадзейнасьцю й выказаў няверу адносна сапраўднасьці знойдзенага абраза Божае Маці Казанскае.

Называньне яе заступніцаю заходнебеларускага гораду гучыць даволі дзіўна. Аднак, гэта — цалкам у рэчышчы палітыкі ўладаў, накіраванай на падтрымку і ўмацаваньне на Гарадзеншчыне Праваслаўнае царквы. У канцы мінулага тыдня прэм'ер-міністар Ярмошын наведаў Жыровіцкі манастырскі комплекс, які рэстаўруецца на грошы дзяржавы. Сам Філарэт перад тым, будучы ў Лідзе, уручыў свае граматы групе чыноўнікаў за падтрымку Праваслаўнае царквы. Напрыклад, намесьніцы старшыні абласнога выканкаму Марыі Біруковай, якая ў мінулым была ідэялягічным сакратаром абкама партыі ды ваяўнічай атэісткаю…

Сьвіслацкія ўлады ў раённым бюджэце вызначылі суму на будаўніцтва царквы. Бераставіцкія ўлады праводзілі нараду ў тым, як чым хутчэй перарабіць сталоўку чыгуначнікаў у праваслаўную царкву. Дапамагаць былі прыцягнуты памежнікі, а грошы выдаткаваў абласны выканкам.

Дарэчы, казанскі абраз быў сваім часам зьмешчаны царскімі ўладамі ў гарадзенскім гатычным касьцёле, званым Фараю Вітаўта. Каб лішні раз засьведчыць захоп беларускіх земляў, славуты касьцёл быў цынічна перароблены ў царкву. Савецкая ўлада ўвогуле зруйнавала Фару Вітаўта.

XS
SM
MD
LG