Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 лістапада 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Беларускія палітыкі робяць стаўку на розных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў, але бальшыня зь іх ўпэўненыя, што амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Беларусі пасьля выбараў 7 лістапада ня зьменіцца.

Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША — Джордж Буш ці Альбэрт Гор? І ці зьменіцца беларуская палітыка Вашынгтону пасьля выбараў 7 лістапада? Зь гэтымі пытаньнямі я зьвярнуўся да розных палітыкаў, якіх можна было знайсьці ў Менску сёньня, у выходны дзень. Вось які адказ дала Вольга Абрамава з грамадзянскага аб'яднаньня "Яблоко":

(Абрамава: ) "Пераможа Буш, і калі пераможа Буш, дык не адразу, але амэрыканская палітыка зьменіцца, таму што кансэрватары якраз адрозьніваюцца добрым валоданьнем міжнароднымі пытаньнямі", — сказала спадарыня Абрамава, якую днямі абралі ў гэтак званую "палату прадстаўнікоў".

На перамогу таго ж кандыдата ў прэзыдэнты ЗША разьлічвае Аляксандар Дабравольскі з Аб'яднанай Грамадзянскай партыі:

(Дабравольскі: ) "Я думаю, што большыя магчымасьці зараз у Буша, а каб штосьці істотна зьмянілася, думаю, што не. І рэспубліканцы, і дэмакраты будуць адстойваць інтарэсы Злучаных Штатаў Амэрыкі. Я думаю, нейкія зьмены ў адносінах да Беларусі не адбудуцца".

Заявіў спадар Дабравольскі, адзін зь лідэраў АГП.

А вось лібэрал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч ставіць на іншага кандыдата:

(Гайдукевіч: ) "Я думаю, што Гор. І хварэю за Гора. Але думаю, што амэрыканская палітыка ва ўсіх выпадках ня зьменіцца — калі да ўлады прыйдзе ці спадар Буш, ці спадар Гор. Я думаю, што палітыка ў дачыненьні да Беларусі будзе працягнутая", — сказаў Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі.

Ягоны прагноз, што да пераможцы амэрыканскіх выбараў, не падзяляе камуніст Сяргей Калякін:

(Калякін: ) "Я думаю, што нічога ня зьменіцца, таму што з пункту погляду замежнае палітыкі што адзін, што другі будуць усё адно адстойваць амэрыканскія інтарэсы, і ў дадзеным выпадку я не чакаю якіх-небудзь зьменаў у палітыцы. А хто можа быць — цяжка сказаць, але я думаю, што Буш", — зазначыў Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай.

На Буша ставіць і дэпутат абедзьвюх "Палатаў прадстаўнікоў" Іван Пашкевіч, які быў адзіным палітыкам, хто мяркуе, што беларуская палітыка Вашынгтону зьменіцца. Хто пераможа? — спытаў я спадара Пашкевіча…

(Пашкевіч: ) "Га-га. Буш".

(Карэспандэнт: ) "Палітыка ЗША ў дачыненьні да еларусі зьменіцца ці не?"

(Пашкевіч: ) "Да Беларусі? Абавязкова. Будзе больш прагматыкі, таму што калі чалавек знаходзіцца ўжо 4-5 год на пасадзе, дык усё ідзе па накатанай каляіне, як кажуць".

Гэта быў Іван Пашкевіч, былы насмесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ў справах ідэялёгіі.

Іншае думкі пра наступнага прэзыдэнта ЗША лідэр Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч.

(Статкевіч: ) "Я ня ведаю, хто пераможа. Прагнозы – рэч няўдзячная, і гэта не мая краіна. Я хварэю за дэмакратаў і за Гора, а наконт зьменаў – я ня думаю, што будуць нейкія радыкальныя зьмены, таму што дзяржаўныя інтарэсы – рэч стабільная, і іх разуменьне мае на такой адлегласьці, як мы знаходзімся ад Амэрыкі, нязначныя варыянты. Магчыма, гэтая палітыка будзе яшчэ больш жорсткай, калі пераможа не дэмакрат, а рэспубліканец".

Гэта быў спадар Статкевіч. Кіраўнік іншае, але таксама Сацыял-Дэмакратычнае партыі Станіслаў Шушкевіч быў адзіным палітыкам, які ня выказаў сваёй прыхільнасьці да таго ці іншага кандыдата.

(Шушкевіч: ) "Я лічу там мэханізм дэмакратычным. Я ня ведаю, хто пераможа. Я сачу за гэтым і ня ведаю, хто пераможа. Я маю пэўныя асабістыя сымпатыі, але таксама не хачу іх выказваць. Але хто б не перамог, я думаю, стаўленьне да нас ня зьменіцца, і гэта паказвае рэзалюцыя Кангрэсу. Вы ведаеце, кожны прэзыдэнт ня можа адступіць ад рэзалюцыі Кангрэсу, і вось 153-я рэзалюцыя Кангрэсу, і Сэнатам узгодненая, яна паказвае, што стаўленьне да Беларусі будзе такім як вырашыў Кангрэс".

Сказаў Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік беларускае дзяржавы. А вось што мяркуе Павал Шыпук, старшыня гэтак званага "Савету Рэспублікі":

(Шыпук: ) "Цяжка мне сказаць, хто зь іх пераможа. Я назіраю разам з Вамі за, так бы мовіць, цкаваньнем іх на тэлевізіі. Таму складана сказаць, што там будзе. Я думаю, што сымпатыі беларускага народу ні да таго, ні да іншага не належаць, хаця Буш нам больш вядомы праз бацьку, але Гор — таксама для нас цікавы чалавек. Я думаю, што палітыка амэрыканская заўсёды была такой палітыкаю, якая ўсяго толькі падкрэсьлівае значнасьць інтарэсаў сваёй Рэспублікі, гэта значыць Злучаных Штатаў Амэрыкі, а ўжо іншыя для іх так — пастолькі–паколькі. Я думаю, што пазыцыя іхная ня будзе мяняцца", — зазначыў спадар Шыпук, сьпікер верхняе палаты гэтак званага "Нацыянальнага сходу".

XS
SM
MD
LG