Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 4 лістапада)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Кінарэжысэр Уладзімер Арлоў зьняў дакумэнтальны фільм паводле рукапісу апошняе кнігі Ўладзімера Караткевіча, прысьвечанай гісторыі Амсьціслаўскага краю. За свайго часу савецкая цэнзура скараціла кнігу ажно ў тры разы. Фільм пастаўлены паводле перакладу тэксту Караткевіча ў расейскую мову. Беларускамоўны арыгінал рукапісу згубіўся ў камісіі па культуры Вярхоўнага Савету, куды яго перадалі спадкаемцы пісьменьніка з надзеяй на дапамогу ў выданьні кнігі бяз прыкрых скаротаў. Прэм'ера стужкі "Ўладзімер Караткевіч. Амсьціслаў" адбудзецца 26 лістапада, калі мы будзем адзначаць 70-я ўгодкі з дня нараджэньня клясыка.

Зарэгістраваць у Беларусі новы часопіс, асабліва калі ён — незалежніцкай арыентацыі — справа ня з простых, таму некаторыя выдаўцы цяпер легалізуюцца ў замежжы. Днямі Бібліяграфічны цэнтар пры Нацыянальнай бібліятэцы Летувы зарэгістраваў беларускі часопіс у ангельскае мове "Dialog", які выдае суполка "Консул-прэс" з грамадзкага аб'яднаньня "Беларуская пэрспэктыва". Часопіс мае выходзіць 6 разоў на год і напалову будзе складацца зь перакладаў у ангельскую матэрыялаў пэрыёдыка Міжнароднай асацыяцыі беларусыстаў "Кантакты й дыялёгі". У вадрозьненьне ад ангельскамоўнае вэрсіі дзяржаўнага часопісу "Беларусь", што нагадвае турыстычны буклет, часопіс "Dialog" аддае перавагу паліталягічным матэрыялам.

У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры адчынілася архэалягічная выстава "Шляхамі ў вечнасьць", прысьвечаная старажытным пахавальным звычаям. Найстаражытныя курганы, знойдзеныя ў Беларусі, — равесьнікі эгіпецкіх пірамідаў. У больш позьні час — і да пашырэньня хрысьціянства — нашых продкаў хавалі не ў зямлі, а ў небе — спальвалі цела на вогнішчы. У музэі экспануюцца пракаветныя прылады працы й зброя, макеты курганоў ды ідалаў, якім маліліся нашыя продкі. Наведнікам выставы дазваляецца ляпіць посуд з гліны, сьвідраваць камяні на старадаўнім "варштаце" й секчы дровы каменнай сякераю.

Студэнты Беларускае акадэміі мастацтваў правялі пасьпяховы пікет пратэсту супраць руйнаваньня прафэсійнай мастакоўскай адукацыі. З прычыны нястачы сродкаў у Акадэміі зачынілася майстэрня шаўкаграфіі, спынілася выкладаньне гравюры на мэтале — афорту, мэца-тынта, сухой іголкі ды іншых матэрыялаёмістых тэхнікаў. Стыпэндыі хапае толькі на прафэсійны набор акварэльных фарбаў. Адразу пасьля акцыі пад назваю "Студэнт-мастак-жабрак" Міністэрства культуры паабяцала аднавіць мастацкую адукацыю ў ранейшым аб'ёме. Студэнты дамагліся таксама права ўдзельнічаць у паседжаньнях навуковае рады Акадэміі.

Заўтра ў Філярмоніі пачнецца фэстываль габрэйскае культуры "Шэсьць стагодзьдзяў прысутнасьці на зямлі Беларусі". У кастрычніку такія ж фэстывалі прайшлі ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў Бабруйску, Пінску й Полацку. У праграме імпрэзы — канцэрт габрэйскае музыкі, мастацкая выстава, кніжны кірмаш. У панядзелак у тэатры "Вольная сцэна" пройдзе баль-маскарад "Жывыя героі габрэйскага фальклёру".

Таварыства абароны помнікаў тэхнікі й транспарту "Наша Перамога" й грамадзкае аб'яднаньне "Цэнтар Супольнасьць" наладзілі аўтапрабег пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на радзіму Якуба Коласа па маршруце Менск—Мікалаеўшчына—Менск. У рэтра-падарожжы ўзялі ўдзел 7 антыкварных аўтамабіляў часоў клясыка: "ГАЗ-69", "Победа", "Warszawa", "ЗиМ" ды іншыя. Гэта ўжо другая акцыя таварыства "Наша Перамога": два тыдні таму адбыўся аўтапрабег па маршруце Менск—Мір—Нясьвіж, а напрыканцы лістападу рэтра-аўтамабілі праедуць пад нацыянальнымі сьцягамі па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну.

XS
SM
MD
LG