Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Кіраўнікі бальшыні апазыцыйных палітычных партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, падпісалі й накіравалі сёньня зварот да Беларускай Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Яны просяць партыю перагледзець сваё афіцыйнае прадстаўніцтва ў Каардынацыйнай радзе, бо, на іхную думку, цяперашні прадстаўнік — кіраўнік партыі Мікола Статкевіч — будзе паралізаваць працу Рады.

"Старшыня БСДП Статкевіч, ігнаруючы рашэньне сваёй партыі, узяў удзел у выбарчым фарсе. Гэта дазволіла ўсялякага кшталту маніпулятарам (…) заяўляць пра ўяўны раскол беларускай апазыцыі", — канстатуецца ў звароце сяброў КРДС да Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада».

Далей у дакумэнце напісана: "зацікаўленыя прадстаўніцтвам БСПД у Радзе, мы, аднак не бачым магчымасьці супрацы ў рамках КРДС з тымі, хто актыўна агітаваў за выбары і абражаў удзельнікаў байкоту. Далейшы ўдзел асабіста спадара Статкевіча ў паседжаньнях КРДС будзе паралізаваць нашую працу". Напрыканцы звароту выказваецца просьба да Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі перагледзець сваё афіцыйнае прадстаўніцтва ў Каардынацыйнай радзе.

Гэты зварот зьявіўся пасьля ўчорашняе дыскусіі на паседжаньні Каардынацыйнае рады ў сувязі з рашэньнем БСДП дазволіць сваім сябрам удзельнічаць у паўторных выбарах у «Палату прадстаўнікоў».

Сябра Цэнтральнага камітэту БСДП «Народная Грамада» Віталь Малашка расцэньвае зварот кіраўнікоў дэмакратычных арганізацыяў як умяшаньне ў нутраныя справы партыі:

(Малашка: ) «Паводле статуту, Статкевіч павінен прадстаўляць партыю ў розных структурах, і неяк зямяніць яго, мне здаецца, неразумна і, больш за тое, фантастычна».

Лідэр Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Станіслаў Шушкевіч, які цяпер старшынюе ў Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў, тлумачыць зьяўленьне звароту неабходнасьцю захаваць кааліцыю дэмакратычных сілаў:

(Шушкевіч: ) «Трэба ачышчьціца ад тых, хто перашкаджае адзінай апазыцыі. І калі з 14-ці суб'ектаў толькі адзін чалавек выпадае з гэтай абоймы, толькі адзін чалавек фактычна зрывае агульнае рашэньне, ну дык ёсьць толькі адзін выхад – трэба яго адкінуць. Іншага я ня бачу».

Кіраўнік апазыцыйнай да Міколы Статкевіча фракцыі БСДП "За адзінства" Аляксей Кароль згодны, што ва ўмовах прэзыдэнцкае кампаніі, якая практычна ўжо распачалася, дэмакратычным сілам перадусім неабходна захаваць адзінства:

(Кароль: ) «Галоўная ўмова перамогі на гэтым рашаючым этапе – гэта, вобразна кажучы, стварэньне партыі апазыцыі з вылучэньнем адзінага кандыдата. Калі мы не зразумеем гэтага, ня створым і не захаваем гэтую партыю апазыцыі, то лукашызм можа чакаць нас на доўгія часы наперадзе».

Стала вядома, што прадстаўнікі аб'яднаньняў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, маюцца вярнуцца да абмеркаваньня гэтак званае "праблемы Статкевіча" на сваім наступным паседжаньні.

Але папярэдне плянуецца сустрэча аўтараў сёньняшняга звароту зь кіраўніцтвам Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі. Аднадумцы Міколы Статкевіча выключаюць магчымасьць адмены свайго рашэньня ўдзельнічаць у паўторных выбарах і зьмены прадстаўніка партыі ў КРДС.

XS
SM
MD
LG