Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


З адмысловай заявай адносна Беларусі выступіў амабасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Дэйвід Джонсан.

Выступаючы перад Сталай Радай АБСЭ ў Вене ён заявіў:

"Мы вельмі дэталёва азнаёміліся са справаздачай амбасадара Віка.

Мы выказваем шкадаваньне, што не зважаючы на высілкі Кансультацыйна – назіральнай групы АБСЭ, парляманцкай тройкі, і міжнародных, праваабарончых арганізацыяў, нядаўнія выбары ў Беларусі былі крокам назад ад дэмакратыі.

Кансультацыйна-назіральная група працавала сумесна з неўрадавымі (беларускімі) арганізацыямі над стварэньнем сеткі зь 5, 500 мяйсцовых назіральнікаў, якія сачылі за выбарамі на 3,500 выбарчых участках і заслугоўваюць асаблівага адзначэньня й прызнаньня.

Паводле амбасадара Віка, гэтыя назіральнікі рашуча сцьвердзілі, што неабходных 50-ці адсоткаў галасоў не набралася ў больш як траціне выбарчых участкаў.

Яны сабралі доказы таго, што выбарчая актыўнасьць па ўсёй краіне дасягала 40 адсоткаў, а не 60-ці, як заяўляюць улады.

Назіральнікі зафіксавалі 80 розных выпадкаў маніпуляцыі ў часе падліку галасоў.

На жаль, апошнія выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЭ, не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі, ані дэмакратычнымі.

У кантэксьце гэтага мы лічым, што Вярхоўны Савет Беларусі 13-га скліканьня, які узначальвае Сымон Шарэцкі, павінен надалей лічыцца міжнароднай грамадзкасьцю легітымным парлямантам Беларусі.

Хаця мы ня мусім забывацца на выбары, якія ўжо адбыліся, куды больш важна глядзець наперад, на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў наступным годзе.

Беларускія ўлады сьцьвяджаюць, што Аляксандар Лукашэнка мае ўсеагульную падтрымку з боку беларускіх грамадзянаў.

Мы хацелі б, каб гэтая падтрымка была спраўджаная.

Калі Лукашэнка дазволіць правесьці свабодныя, справядоівыя і дэмакратычныя выбары, мы першыя ўхвалім іхныя вынікі.
Беларускі народ заслугоўвае свабодных і справядлівых выбараў. Беларускія ўлады павінны зрабіць ўсё магчымае, каб такімі былі выбары ў наступным годзе. Толькі такія выбары атрымаюць прызнаньне з боку міжнароднай грамадзкасьці".

Заявіў учора амбасадар ЗША перад Сталай Радай Арганізацыі
Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе.

XS
SM
MD
LG