Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чарговы прызыў у беларускае войска, які афіцыйна пачаўся сёньня, будзе праводзіцца паводле старое схэмы, якая супярэчыць нядаўнім заявам Аляксандра Лукашэнкі адносна значнага скарачэньня арміі. Па камэнтар з гэтай нагоды мы зьвярнуліся да былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага.

Сёньня ў дзяржаўным друку зьявіўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі пра чарговае звальненьне й новы прызыў у беларускае войска. Варта заўважыць, што тэкст указу па сутнасьці не адрозьніваецца ад адпаведных дакумэнтаў, якія прымаліся ў ранейшыя гады. Такім чынам, зноў каля дваццаці тысячаў прызыўнікоў возьмуць у рукі зброю, якую да іх трымалі дваццаць тысячаў цяперашніх вайскоўцаў, што неўзабаве вернуцца дадому.

Між тым, гэта ніяк не паўплывае на якасны стан баяздольнасьці беларускага войска . Яго магчыма было б падвысіць, калі б удалося перавесьці армію на прафэсійную аснову й значна скараціць, але адпаведных захадаў ня бачна, і спэцыялісты вымушаныя канстатаваць пагаршэньне становішча.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі кажа.

(Казлоўскі: ) "У арміі працэнтаў 80 самалётнага парку – няспраўныя. У сістэмы супрацьпаветранай абароны сканчаецца выпрацоўка рэсурсу. Сёньняшні бюджэт, калі палічыць, што трэба арміі сёньня для таго, каб яна была баяздольная, каб яна была надзетая, абутая, займалася баявой падрыхтоўкай, дык гэта дзясятая частка таго, што патрэбна арміі".

Лічыць Павал Казлоўскі.

Паводле словаў экс-міністра, сёньня ў беларускім войску каля 80 тысячаў чалавек, на ўзбраеньні 1800 танкаў, 260 самалётаў, 80 баявых верталётаў, ажно 2600 баявых бронемашынаў. Але гэтая тэхніка, лічыць былы міністар абароны, ужо амаль вычарпала свой рэсурс, вялікія заўвагі ёсьць і да якасьці падрыхтоўкі афіцэрскага складу. Тое, што праблемы не вырашаюцца, што ня йдзе скарачэньне й рэфармаваньне войска, экс-міністар тлумачыць бязьдзейнасьцю кіраўніцтва краіны. Што тычыцца нядаўняе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць значнага скарачэньня арміі, дык былы міністар лічыць гэтую ідэю памылковай у той форме, у якой яна выказаная.

(Казлоўскі: ) "Я стаю на гэтай пазыцыі – арміі патрэбнае скарачэньне. Але як падыйсьці да гэтага. Вось тут я ня згодны з тым, аб чым заяўляе прэзыдэнт сёньня – што патрэбнае скарачэньне ўзброеных сілаў. Я лічу інакш. Патрэбнае рэфармаваньне і скарачэньне ўсёй сыстэмы нацыянальнай бясьпекі, усіх сілавых структураў. Калі гэта зрабіць толькі ў адносінах да ўзброеных сілаў, гэта ізноў будзе грубейшая памылка".

Павал Казлоўскі мяркуе, што высновы пра скарачэньне Аляксандар Лукашэнка зрабіў пасьля таго, як азнаёміўся з вынікамі праверак, якія праводзілі сёлета адразу некалькі дзяржаўных камісіяў. На думку Казлоўскага, гэта хутчэй папулісцкая заява, разьлічаная на дасягненьне палітычных мэтаў, у тым ліку — з мэтаю паўзьдзейнічаць на пазыцыю Расеі, каб тая не адмаўлялася ад падтрымкі асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Да таго ж, экс-міністар зьвяртае ўвагу, што на скарачэньне не прадугледжаныя грошы ў бюджэце, а новая прызыўная кампанія сьведчыць, што салдатаў у войску ня стане меней. Павал Казлоўскі заяўляе, што ня бачыць прыкметаў сапраўднае вайсковае рэформы і ўжо не спадзяецца іх убачыць пры цяперашнім кіраўніцтве.

(Казлоўскі: ) "Гэтае рэфармаваньне трэба было рабіць дзесьці, як мы і плянавалі, у 95-96 годзе. Сёньня гэта ўжо як пажар ахапіў увесь дом, і пачынаецца тушэньне гэтага пажару".

Лічыць экс-міністр абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

XS
SM
MD
LG