Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

У Чыгуначным судзе Віцебска сёньня адбылося судовае паседжаньне, на якім разглядалася справа адзінаццаці сябраў БНФ "Адражэньне" і Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Усе яны абвінавачваюцца у арганізацыі і удзеле ў несанкцыянаванага пікету, які прайшоў 21 кастрычніка ля абласной бібліятэкі.

Усяго ў суд зьявілася дзевяць сябраў БНФ "Адраджэньне" і малады прадстаўнік АГП, дарэчы, украінец, Аляксей Аляксенка.

Усе прыцягнутыя да суду — прадстаўнікі новае актыўнае хвалі ў суполках БНФ "Адраджэньне" і АГП. Яны ўступілі ў свае партыі ў апошнія некалькі месяцаў і не жадаюць чакаць павольнага разьвіцьця падзеяў. Шкада, што падтрымаць іх на суд прыйшла толькі старшыня Віцебскай філіі АГП Алена Залеская. Мясцовыя лідэры Фронту, прадстаўнікі "Вясны" і, што ўжо стала ў Віцебску звычайным, функцыянэры зь Беларускага Гэльсынкскага камітэту на паседжаньне не зьявіліся.

Судзьдзя Сьвятлана Туфан адразу перанесла на заўтра разгляд справы непаўналетняга Яніса Чучмана. На свой другі за месяц суд ён павінен будзе прыйсьці з бацькамі, якія абодва зусім глухія. Паводле словаў Яніса, ён вымушаны ісьці на пратэст, бо цярпець такое жабрацкае жыцьцё, як у сем'ях інвалідаў, ужо немагчыма.

Астатнія адказвалі перад судом. Ніхто зь іх ад удзелу ў пікеце не адмаўляўся. Усе падкрэсьлівалі, што выходзяць на акцыі пратэсту, каб іх пачулі людзі. Большасьць з падсудных — беспрацоўныя, існуюць за кошт часовых заробкаў.

Сьвятлана Туфан настойвала на тым, што мужчынскі абавязак — ўтрымліваць жонак і дзяцей. На што ёй было адказана: утрымліваем, але хацелі б, каб дзяржава не перашкаджала гэтага рабіць.

Судзьдзя цікавілася палітычнымі поглядамі адказчыкаў. Чаму на іхных плякатах былі лёзунгі, напрыклад, супраць саюзу з Расеяй ці супраць палітыкі беларускіх уладаў. На што ёй дакладна адказаў Сяргей Васенка: "Боль у сэрцы прывёў мяне на пікет. Немагчыма жыць у краіне, дзе парушаюцца ўсе асноўныя правы чалавека, дзе большасьць жыве ў галечы і ня мае права нават пра гэта сказаць!".

Сьведкі-міліцыянты з Чыгуначнага РАУС, якія атрымалі добры ўрок падчас суду над Валерыем Шчукіным, зараз далі сумленныя сьведчаньні: дзяжурны загадаў — мы іх і прывезьлі. Але не патлумачылі, чаму не было прапанавана разыйсьціся. Затое яны некалькі разоў падкрэсьлівалі сваю гуманнасьць: маўляў, там была жанчына зь дзіцём, якую яны не чапалі.

Як паабяцала судзьдзя, сваё рашэньне па справе Ўладзімера Патоцкага, Сяргея Васенкі, Сяргея Шапіры, Юрася Мельнікава, Алеся Макаранкі, Марата Волкава, Андрэя Саўчанкі, Сяргея Аксімовіча, Сяргея Гроця і Аляксея Аляксенкі яна давядзе на наступным паседжаньні 11-га лістапада.

Але не выключана, што некаторыя з удзельнікаў дадзенай акцыі могуць быць выкліканыя і ў суд Кастрычніцкага раёну, бо былі затрыманыя падчас несанкцыянаванага збору подпісаў за байкот выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG