Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Менск

У другой палове дня ў Ленінскім раённым судзе Горадні распачаўся разгляд адміністрацыйных справаў двух удзельнікаў учорашняга ўшанаваньня памяці продкаў. Пятра Анісімовіча й Міколу Ворана абвінавачваюць ва ўдзеле ў недазволеным шэсьці й непадпарадкаваньні міліцыі. Далейшы судовы разбор адбудзецца 9 лістапада.

Нагадаю, што ўчора каля 18-ці гадзінаў у цэнтры гораду міліцыяй былі схопленыя 23 удзельнікі ўшанаваньня памяці продкаў. Іх пратрымалі паўтары гадзіны ў раённым аддзеле міліцыі, склалі на іх пратаколы і адпусьцілі.

Прадстаўнікі БНФ штогод запальваюць зьнічы і ўскладаюць кветкі да помнікаў і памятных шыльдаў. Дагэтуль ніхто іх не чапаў. Сёлета ж міліцыя зрабіла гучны напад на людзей, якія сабраліся перад унівэрсытэтам ля помніка Янкі Купалы. Наехала шмат машынаў, некаторыя з сырэнаю. Дзеяньні міліцыі былі неапраўдана гвалтоўныя і жорсткія. Усе пацярпелыя вырашылі напісаць скаргі ў пракуратуру з просьбаю, каб вінаватыя міліцыянты былі пакараныя.

Пётра Анісімовіч патлумачыў мне, што непадпарадкаваньнем зь ягонага боку міліцыянты назвалі тое, што ён зазначыў: міліцэйская машына перапоўненая затрыманымі. Яму за гэта начапілі кайданкі. Мікола Воран адмовіўся размаўляць зь міліцыянтамі па-расейску. Гэта таксама — быццам бы «непадпарадкаваньне».

Тыя, хто быў затрыманы міліцыяй, лічаць, што гэта — помста міліцыянтаў за 8 кастрычніка. Тады мітынгоўцы, якія выступілі супраць недэмакратычных выбараў, прайшлі па гораду шэсьцем. Міліцыя мусіла спыняць транспарт, каб прапусьціць калёну. Бо да выбараў рабіць гвалт над грамадзянамі міліцыі не далі. Ну, а сёньня — усё можна, нават калі няма падставы. Так лічаць асобы, якія былі ўчора раптоўна затрыманы міліцыянтамі.

XS
SM
MD
LG