Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

На нядаўніх перамовах з кіраўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу ў Парыжы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін запрапанаваў заходняй Эўропе пляны падваеньня паставак расейскіх энэрганосьбітаў на працягу бліжэйшых 20 год. Але каб дасягнуць гэтай мэты Расея павінна вырашыць складаную праблему бясьпечнага транспарту газу і нафты на Захад.

Сытуацыя з пастаўкамі расейскага газу ў Заходнюю Эўропу склалася на сёньняшні дзень даволі канфліктная. Украіна, праз тэрыторыю якой ідзе амаль 90 адсоткаў расейскага газу на Захад, задоўжылася расейскаму газаваму манапалісту Газпром 1 млрд. 400 млн. даляраў.
Кіраўніцтва Газпрому таксама сьцьвярджае, што калі да гэтай сумы далічыць страты ад сталага крадзяжу расейскага газу ўкраінскімі спажыўцамі, дык украінскі доўг дасягне і зусім астранамічнай сумы – амаль 3 млрд. даляраў.

Вось чаму Расея цяпер актыўна шукае новых шляхоў транспарту газу. У Маскве разглядаецца плян пабудовы новага газаправоду праз Беларусь, Польшчу і Славаччыну ў абыход Украіны.
Больш таго, Расея намагаецца, каб фінансаваньне гэтай будовы ўзялі на сябе зацікаўленыя краіны Эўразьвязу. І з гэтай прапановай Пуцін прыехаў на перамовы ў Парыж.

Захад да гэтай расейскай прапановы паставіўся са зразуменьнем, але даволі стрымана. І ніякага пагадненьня ў гэтай справе, нягледзячы на спадзяваньні Пуціна, падпісана не было. Для Захаду гэта ня толькі эканамічнае, але перадусім палітычнае пытаньне. Згода на фінансаваньне новага газаправоду можа спрыяць адраджэньню антызаходніх, ізаляцыянісцкіх настрояў на Ўкраіне.

Для Ўкраіны справа транзыту расейскага газу жыцьцёва важная. Паводле ацэнкаў экспэртаў, плата за транзыт газу складае ня менш за 15% дзяржаўнага бюджэту Ўкраны, а калі да гэтага дадаць газавую кантрабанду, дык можа і 20%. Страта такіх грошай можа стаць для Ўкраіны катастрофай. Невыпадкова прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма зьвярнуўся да расейскага ўраду з прапановай разгледзець пытаньне аб прыватызацыі ўкраінскіх газаправодаў, каб расейскія фірмы змаглі атрымаць над імі кантроль.

Выступаючы ў Харкаве перад кіраўнікамі дзяржаўнай адміністрацыі, Кучма заявіў: "Трэба менш езьдзіць у Эўропу і Амэрыку, а болей супрацоўнічаць з краінамі СНД, дзе Ўкраіну чакаюць і хочуць працаваць зь ёй". Больш за тое, ураінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што ён "ніколі не заклікаў павярнуцца сьпіной да нашых стратэгічных саюзнікаў: Расеі і Беларусі".

Заява гэтая выклікала даволі гарачую дыскусію сярод украінскіх палітыкаў. Некаторыя нават абвінавацілі прэзыдэнта ў здрадзе нацыянальных інтарэсаў краіны. Палітоляг Сяргей Головатый, дэпутат парлямэнту Ўкраіны і былі міністар юстыцыі ў інтэрвію украінскай рэдакцыі нашага Радыё заявіў:

(Головатый: ) "Курс Кучмы быў, ёсьць і будзе на інтэграцыю Ўкраіны з Расеяй. Калі была пагроза прыняцьця новай Канстытуцыі, я тлумачыў рухаўцам і іншым нашым парлямэнтарыям, што Кучма хоча ўцягнуць Украіну ў Расею, хоча пакласьці Ўкраіну голую, раздаўленую, абяздоленую, эканамічна зьнішчаную да ног Расеі. Для мяне тут няма нічога новага. Гэта стратэгічны курс Кучмы з таго часу, як Расея паставіла Кучму прэм'ер-міністрам Украіны у 1993 годзе. Масква паставіла яго для выкананьня стратэгічнай місіі зьнішчэньня Ўкраіны і вяртаньня яе ва ўлоньне азіяцкіх рэжымаў тыпу Лукашэнкі і сеньня амаль дыктатарскага рэжыму Пуціна. Для Кучмы ўзорам у дзяржаўнай палітыцы быў нават ня Ельцын, а Лукашэнка. Ён хацеў паўтарыць подзьвіг Лукашэнкі ў правядзеньні рэфэрэндуму. Ён хацеў прыняць з дапамогай рэфэрэндуму канстытуцыю, падобную на беларускую. Але наш парлямэнт зрабіў усе магчымае, каб перашкодзіць яму ў гэтым. Лукашэнка – ідэал для Кучмы, і ён вельмі хацеў бы быць Лукашэнкам на Ўкраіне. Калі б новы газаправод сапраўды пайшоў праз Беларусь, гэта магло б прынесьці беларускаму бюджэту дадатковыя прыбыткі на суму ад 200 да 250 млн. даляраў. І невыпадкова Аляксандр Лукашэнка адгукнуўся на расейскія пляны заявай, што "мы зможам жыць удвая лепш, калі праз Беларусь пройдзе газаправод".

Для Лукашэнкі, як сьцьвярджаюць, аднак, экспэрты Эўрапейскага Зьвязу, новыя даходы – гэта ўсяго толькі магчымасьць умацаваньня ягонага рэжыму, магчымасць і надалей адкладаць правядзеньне рынкавых і дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Ужо сёньня Беларусь аплочвае 70% паставак расейскіх энэрганосьбітаў нізкаякаснымі вырабамі сваёй гаспадаркі. А гэта дазваляе практычна нерэфармаванай постсавецкай беларускай эканоміцы адносна пасьпяхова дзейнічаць на расейкім, у значнай ступені капіталістычным, рынку. Але як доўга падобная анамалія можа працягвацца?..

XS
SM
MD
LG