Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Як мы раней паведамлялі, у нядзелю беларускія памежнікі ў Берасьці правялі ператрус асабістага багажу чэскага грамадзяніна Онджэя Соўкупа, які вяртаўся зь Беларусі дадому на цягніку. Соўкуп, які працуе ў Чэскім інстытуце міжнародных зносінаў, меў з сабой некалькі незалежных беларускіх выданьняў, відэ- і фотакасэты. Усё гэта, а таксама ягоны асабісты партатыўны кампутар былі затрыманыя замежнікамі, бо яны палічылі, што ў газэтах утрымліваецца небясьпечная для Беларусі і асабіста для Аляксандра Лукашэнкі інфармацыя.

Сёньня Онджэй Соўкуп на нашую просьбу наведаў беларускую рэдакцыю Радыё Свабода ў Празе і адказаў на нашыя пытаньні.

Паводле спадара Соўкупа, яму невядома, хто асабіста даў загад забраць у яго матэрыялы. Таксама яму не патлумачылі на падставе якіх канкрэтна дакумэнтаў адбываецца канфіскацыя.

(Соўкуп: ) "Мне сказалі, што забаронена вывозіць зь Беларусі матэрыялы, якія зьневажаюць імя прэзідэнта. Але я сумняюся, што гэтыя друкаваныя выданьні трапляюць у гэтую катэгорыю.
На відэакасэтах нічога не было напісана пра іх зьмест. У той жа час яны пабачылі газэты Навіны, Наша Свабода, Рабочы і адразу пачалі іх канфіскоўвацбь. Там былі ўлёткі Маладога Фронту і гэтак далей. Перад гэтым яны ўжо праглядалі мае асабістыя рэчы, а тады пачалі глядзець ізноў, і забралі мой кампутар – каб высьветліць, ці не ўтрымлівае ён падобныя матэрыялы?"

Онджэй Соўкуп не ўпершыню прыяжджае ў Беларусь. Але з падобнымі дзеяньнямі памежнікаў раней ніколі не сутыкаўся. На просьбу параўнаць цяперашнюю агульнапалітычныю сытуацыю ў краіне зь мінулай спадар Соўкуп адказаў:

(Соўкуп: ) "Я ўпершыню быў у Беларусі больш як два гады таму. Разьвіцьцё адбылося вельмі істотнае, і самае важнае – мне здалося, што людзі перастаюць баяцца. У той жа час, сытуацыя ў часе парлямэнцкіх выбараў выявіла рост напружаньня паміж грамадзянамі ды ўладамі.
Яны самі сказалі, што шукалі рэчы, зьвязаныя з выбарамі. У мяне былі налепкі "Байкот"-2000". Думаю, што ўсё гэта адыграла сваю ролю ў згаданым эпізодзе".

На пытаньне пра ягоныя далейшыя пляны адносна Беларусі спадар Соўкуп адказаў так:

(Соўкуп: ) "Натуральна, я зьбіраюся зноў наведаць Беларусь, паколькі мне вельмі падабаецца гэтая краіна, мяне цікавіць разьвіцьцё падзеяў у ёй. Я пачакаю два тыдні, бо мне сказалі, што за гэты час будзе праведзеная экспэртыза тых затрыманых матэрыялаў. Пасьля гэтага, як мне абяцалі, мне вярнуць мой кампутар і стужку з фотаапарату, якая ў мяне была, а потым і друкуваныя матэрыялы – калі яны будуць прагледжаныя".

Гутарыў
Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG