Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Беларускае настаўніцтва мае намер пратэставаць супраць зьбядненьня. У прафсаюзных арганізацыях сфэры адукацыі зараз праходзяць сходы ў абмеркаваньні сацыяльна-эканамічнага становішча, дзе гучаць заклікі да страйкаў.

Найбольш моцны сацыяльны пратэст сьпее ў асяродку сталічнага настаўніцтва. Вось што распавяла нашаму радыё намесьніца старшыні Менскага гарадзкога камітэту прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Ніна Еўтух:

(Еўтух: ) "Калі да нас дайшлі зьвесткі, што многія калектывы зьбіраліся самастойна абвесьціць нейкія самастойныя дзеяньні – адны, напрыклад, прапаноўвалі страйкі, іншыя мітынгі – тады наш гаркам прыняў такое рашэньне, што трэба гэтыя актыўныя дзеяньні прывесьці да нейкага аднаго".

— зазначыла Ніна Еўтух.

Паводле ейных словаў, настаўнікі незадаволеныя нізкімі заробкамі. Пэдагогаў абурае, што іхная праца ды іхны прафэсіяналізм ня маюць належнага стаўленьня з боку кіраўніцтва краіны. Калі міліцэйскі сэржант атрымлівае заробак большы за настаўніка й, нават, за выкладчыка-прафэсара, дык, на думку сталічных пэдагогаў, у такога грамадзтва няма будучыні.

Ніна Еўтух працягвае:

(Еўтух: ) "Настаўнік, калі мае і вышэйшую адукацыю, і вышэйшую катэгорыю, і 15 гадоў працы ў школе атрымлівае 35 тысяч, не кажучы ўжо пра маладых спэцыялістаў ды іншых супрацоўнікаў школаў да дзіцячых садкоў. Такія стаўкі, як у нас існуюць, не існуюць нідзе. Напрыклад, на аўтазаводзе тэхнічка атрымоўвае 70 тысяч. Амаральна эксплюатаваць нас. Трэба прымаць рашэньне, каб падтрымаць нас. Таму мы патрабуем, каб гэта было выканана. Свае патрабаваньні людзі выказваюць, падпісваючы нашыя патрабаваньні"

— паведаміла намесьніца кіраўніка Менскага гарадзкога камітэту настаўніцкага прафсаюзу.

Прафсаюзная ініцыятыва, паводле ейных словаў, атрымала шырокую падтрымку сярод сталічных пэдагогаў, працаўнікоў дашкольных установаў і студэнтаў. На сёньняшні дзень заяву падпісалі 20 тысячаў чалавек. І гэтая кампанія працягваецца. Уважліва сочаць за ёй і ў Рэспубліканскім камітэце прафсаюзу працаўнікоў адукацыі, дзе адбываецца каардынацыя настаўніцкіх пратэстаў у розных рэгіёнах краіны.

Гаворыць лідэр Беларускага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "У нашых працаўнікоў катастрафічны стан. Нашыя шматлікія лісты з гэтае нагоды, якія мы накіроўваўлі ва ўрад, у адміністрацыю прэзыдэнта, застаюцца без рэагаваньня. Таму цэнтральны камітэт нашага прафсаюзу ўхваліў ініцыятыву менскай гарадзкой арганізацыі, якая вырашыла сабраць подпісы пад зваротам да ўладаў. Да гэтай акцыі ўжо далучылася Берасьцейская вобласьць. Паводле нашых зьвестак, ужо ў бліжэйшы час такі збор подпісаў распачнецца й на іншых тэрыторыях Рэспублікі", — паведаміла сёньня нашаму радыё старшыня Беларускага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі Тамара Чобатава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG