Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў магілеўца Ўладзімера Лапцэвіча, які ў сакавіку 1997 году быў аштрафаваны за распаўсюджаньне ўлётак да Дня Волі. Прабачэньне і кампэнсацыю ад беларускіх уладаў ён мусіў атрымаць ад беларускіх уладаў у трохмесячны тэрмін, але гэтага так і не адбылося.

Уладзімер Лапцэвіч, сябар Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), тры гады таму заплаціў 390 тысячаў беларускіх рублёў (тры мінімальныя заробкі) за распаўсюджваньне, паводле афіцыйнай вэрсіі, друкаваных выданьняў, што вырабленыя з парушэньнем устаноўленага парадку. Сам спадар Лапцэвіч сьцьвярджае, што праблема палягала не ў адсутнасьці выходных дадзеных, але ў зьмесьце ўлётак. Ён палічыў парушанымі свае канстытуцыйныя правы на свабоду думкі і распаўсюджваньне інфармацыі і абскарджваў судовае рашэньне. Але яму адмовілі і ў абласным, і ў Вярхоўным судзе.

Пасьля гэтага Лапцэвіч зьвярнуўся ў камітэт правоў чалавека ААН і цяпер зьяўляецца адзінай прыватнай асобай у Магілеўскай вобласьці, якая мае пацьверджаньне парушэньня правоў такога ўзроўня.

Уладзімер атрымаў дакумэнты камітэту ААН у ліпені. Камітэт правоў чалавека даслаў іх таксама і ў міністэрства замежных справаў. Пастановы камітэту Беларусь павінна выконваць як удзельніца міжнароднага пакту грамадзянскіх і палітычных правоў 1966 году, паводле якога нашая дзяржава ў трохмесячны тэрмін абавязаная была забясьпечыць магілеўца Лапцэвіча эфэктыўнымі сродкамі прававой абароны, у тым ліку кампэнсацыю ўсіх выдаткаў. Трэба было таксама прыняць захады для прадухіленьня падобных павапарушэньняў у будучыні і паведаміць пра іх у камітэт ААН.

Уладзімер Лапцэвіч не атрымаў ні прабачэньня, ні грошай. Ён спадзяецца, што рана ці позна атрымае пацьверджаньне мясцовых органаў аховы парадку аб тым, што ён не парушаў закон, а яны памыліліся. Зараз, паводле парады магілеўскіх праваабаронцаў, Уладзімер ізноў рыхтуе зварот у камітэт правоў чалвека ААН.

XS
SM
MD
LG