Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якія былі назіральнікамі пад час выбараў, сутыкнуліся з пагрозамі з боку адміністрацыі студэнцкага гарадку і праваахоўных ворганаў.

На выбарчых участках у якасьці назіральнікаў працавалі некалькі дзясяткаў студэнтаў з розных ВНУ. Бальшыня зь іх — каля 20 чалавек — студэнты Белдзяржунівэрсытэту. За сваю дзейнасьць яны атрымалі папярэджаньні з дэканатаў. Апроч таго, імі зацікавіліся ворганы дзяржаўнае бясьпекі.

Гаворыць студэнт БДУ Ўладзіслаў Ігнатовіч:

(Ігнатовіч: ) "За час майго назіраньня над працэсам галасаваньня, мной былі выяўленыя шматлікія парушэньні грамадзянскіх правоў з боку дэкана філялягічнага факультэту БДУ і намесьніка дэкана мэханіка-матэматычнага факультэту БДУ Курсава. На ўсе гэтыя парушэньні мной бло складзена больш за 50 актаў, якія былі накіраваныя ў АБСЭ. 29 кастрычніка пасьля 20 гадзін вечара, калі я прыйшоў у інтэрнат, мне паведамілі, што прыйшоў чалавек (у прыватнасьці гэта быў старшыня студсавета інтэрната №7), а калі я выходзіў з пакоя, дык быў затрыманы супрацоўнікамі адміністрацыі інтэрнату, якія паведамілі мне, што сёньня раніцай прыходзілі сур'ёзныя людзі з камітэту дзяржбясьпекі, назвалі маё прозьвішча і спыталіся, чаму адміністрацыя інтэрнату дапускае вось такія непарадкі. Пасьля гэтага яны мне сказалі, што я павінен тэрмінова пакінуць тэрыторыю інтэрната і ўвогуле пажадана, каб я больш тут не зьяўляўся. Я заканчваю ўжо пяты курс, ад навуковаг кіраўніцтва я не чакаю праблемаў, а ад розных там камітэтаў праблемы могуць быць," — паведаміў Уладзіслаў Ігнатовіч.

Студэнтка Ала Біруля дадала:

(Біруля: ) "29 кастрычніка на выбарчы ўчастак, дзе я працавала, прыйшлі два намесьнікі дэкана, папярэдзілі мяне і нават перадалі прывітаньне ад рэктара. Яны далі мне зразумець, што гэта можа прывесьці да нейкіх наступстваў. Мне было непрыемна, бо мне вучыцца яшчэ некалькі год, і 3цяпенр я ня ведаю, чаго мне чакаць".

Сяргей Кнебелеў таксама быў назіральнікам пад час выбараў:

(Кнебелеў: ) "З боку адміністрацыі студэнцкага гарадка было папярэджнаьне да мяне, што могуць узьнікнуць праблемы з нагоды таго, што я быў назіральнікам, – праблемы з навучаньнем ва ўнівэрсытэце. Адміністрацыя інтэрнату мяне папярэдзіла, што могуць узьнікнуць праблемы з пражываньнем у гэтым інтэрнаце. Мне таксама паведамілі, што мной цікавіліся людзі з "кампэтэнтных органаў" – КДБ і яшчэ чагосьці. Яны цікавіліся, што я рабіў, дзе я хадзіў і так далей. А ў той жа час дэкан і некаторыя намесьнікі дэкана гістарычнага факультэту дасылалі функцыянэраў БПСМ, якія заахвочвалі студэнтаў галасавць".

Студэнты спадзяюцца, што адміністрацыя ўнівэрсытэту абмяжуецца запалохваньнем, але ня цалкам упэўненыя ў гэтым.

XS
SM
MD
LG