Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларускі Гэльсынскі камітэт распаўсюдзіў адмысловую заяву пра вынікі назіраньня за выбарамі ў гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". У ёй паведамляецца, што ў часе галасаваньня былі зафіксаваныя масавыя парушэньні ўладамі выбарчага заканадаўства, а таксама адзначаецца, што больш як 70 асобаў, якія адказвалі за правядзеньне выбараў, учынілі злачынствы, пакараньні за якія прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Беларусі.

Сёньня кіраўніцтва БГК ў часе прэсавае канфэрэнцыі падзялілася сваімі высновамі адносна празрыстасьці й дэмакратычнасьці выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Вось што паведаміў супрацоўнік прэсавае службы Гэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі:

(Маркушэўскі: ) "Сыходзячы з вынікаў маніторынгу, мы мусім заявіць пра поўную недэмакратычнасьць і незаконнасьць працэдуры фармаваньня "палаты прадстаўнікоў". Маштабы парушэньняў не дазваляюць нам назваць гэтую працэдуру выбарамі".

У распаўсюджанай БГК заяве адзначаецца, што фальшаваньні ў часе выбараў, за якімі назіралі 1487 прадстаўнікоў Гэльсынскага камітэту, мелі масавы характар. У заяве зьмешчаны пералік парушэньняў. Гэта й тое, што Выбарчы кодэкс не адпавядаў міжнародным нормам, і фармаваньне выбарчых камісіяў праходзіла зь вялікімі парушэньнямі, і абмежаваньне ў правах назіральнікаў.

На думку аўтараў заявы, грамадзяне Беларусі былі пазбаўленыя магчымасьці справядлівага разгляду судом скаргаў на неправамоцныя дзеяньні выбарчых камісіяў. Выканаўчая "вэртыкаль" часта проста змушала людзей браць удзел у галасаваньні, у тым ліку і ў датэрміновым. Выканаўчымі ворганамі й участковымі камісіямі карэктаваліся сьпісы выбаршчыкаў ужо ў часе галасаваньня. На падставе гэтых фактаў кіраўніцтва БГК робіць выснову, што ўлады нахабна й цынічна ліквідавалі гарантаваную Канстытуцыяй свабоду выбару грамадзянаў.

Гэльсынскі камітэт мае намер дамагацца прыцягненьня да адказнасьці больш як 70 асобаў, вінаватых у парушэньнях закону. (У тым ліку й старшыню Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзію Ярмошыну, якая адкрыта ўхваліла выкарыстаньне ўладамі ў часе выбараў адміністрацыйнага рэсурсу. Паводле яе — калі апазыцыя байкатуе выбары, дык улады маюць права выкарыстоўваць адміністрацыйныя рычагі.) А таксама БГК мае намер патрабаваць ануляваньня вынікаў выбараў у шэрагу акругаў, дзе былі зафіксаваныя найбольш масавыя парушэньні.

Але галоўнай сваёй цяперашняй мэтаю, кіраўніцтва Гэльсынскага камітэту лічыць правядзеньне больш сур'ёзнае падрыхтоўкі назіральнікаў да будучае прэзыдэнцкае кампаніі. Гаворыць выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак:

(Гулак: ) "Уся працэдура падрыхтоўкі выбараў была такая, што яшчэ да моманту выбараў было зразумела, што выбары ня будуць дэмакратычнымі. Нашая сёньняшняя мэта – зрабіць усё, каб прэзыдэнцкія выбары прайшлі як мага больш законна і дэмакратычна. Мы будзем рабіць усё, што магчыма. Гэта нашая краіна, і мы адсюль не зьбіраемся зьяжджаць, мы хочам рэальных зьменаў праз рэальныя выбары. Мы лічым, што такі шлях зьменаў адпавядае нашым ідэалам, бо мы не прыхільнікі рэвалюцыйных мэтадаў. Таму мы будзем рабіць усё, каб такі мэтад быў магчымы".

Паведаміў спадар Гулак.

Прадстаўнікі Гэльсынскага камітэту будуць дамагацца празрыстасьці будучых выбараў, увядзеньня ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў прадстаўнікоў апазыцыі й праваабаронцаў.

XS
SM
MD
LG