Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лістапада 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня каля 18 гадзінаў вечара гарадзенская міліцыя ў самым цэнтры гораду разагнала ўдзельнікаў памінаньня продкаў на Дзяды і схапіла каля 30 удзельнікаў цырымоніі.

Сёньня актывісты гарадзкой арганізацыі БНФ у першай палове дня ўшанавалі магілы ахвяраў Катыні, вядомых гарадзенцаў і беларусаў Горадні – маці Максіма Багдановіча, Элізы Ажэшкі, акадэміка Астроўскага, Аляксея Карпюка ды іншых. Яны пахаваныя на розных могілках гораду.

У 17 гадзінаў актывісты сабраліся каля Чыгуначнага вакзалу, на будынку якога прымацаваная памятная шыльда паўстанцам Кастуся Каліноўскага. З вакзалу грамада накіравалася да ўнівэрсытэту, перад якім стаіць помнік Янкі Купалы, каб ушанаваць ягоную памяць. Тут і адбыўся напад міліцыі. Раптоўна з розных бакоў наехала паўтара дзясяткі міліцэйскіх машынаў. Афіцэр выкрыкнуў, што тут праводзіцца недазволенае шэсьце і ўсіх удзельнікаў памінаньня продкаў пачалі хапаць і запіхваць у машыны – і дзяўчат, і жанчын.

Аляксандра Міхальчыка, сталага чалавека, які выказаў сваю нязгоду, пяцёра міліцыянтаў павалілі тварам у бруд – у горадзе якраз ішоў моцны дождж. Усіх затрыманых, а іх было каля 30 чалавек, даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі.

Міліцыю магло справакаваць тое, што ўдзельнікі мерапрыемства ішлі з бел-чырвона-белымі сьцягамі, хаця ўчора на паседжаньні БНФ пасьля галасаваньня было вырашана сьцягі не выкарыстоўваць. Аднак некалькі ўдзельнікаў, якія ня трапілі ў міліцыю, лічаць, што міліцыянты проста мелі загад схапіць людзей, і сьцягі не былі галоўным чыньнікам.

XS
SM
MD
LG