Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст сёмы. 1 лістапада 2000 г.


Аляксандар Лукашук

1 лістапада 2000 году.

Беларусы ў Стэнфардзе ня вучацца. Штодня я чую кітайскую і нямецкую мовы, знаёмы зь індускай, якая вывучае оды Ламаносава, хаджу на адзін сэмінар з полькай і японцам, нядаўна тлумачыў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага кэнійцу з племені Масаі, – 94 краіны сьвету маюць ці мелі сваіх студэнтаў у Стэнфардзе. Беларуская прысутнасьць тут была заўважаная летась, калі на летніх вакацыях ва ўнівэрсытэцкай кнігарні працавала нечая госьця з Гародні. Як мне тлумачылі ў краме, "высокая, бляндынка, блакітныя вочы – тыповая беларуска!" – мясцовыя халасьцякі дагэтуль цікавяцца, дзе яна падзелася. Аднак, у ліку студэнтаў нікога зь Беларусі няма – і выснова, якую я зрабіў пасьля дэталёвай размовы ў прыёмнай камісіі нагадвае гісторыю пра аднаго набожнага аматара лятарэі, які штодня прасіў Бога, каб той даў яму шанец выйграць. Аднойчы грымнуў гром і раздражнёны голас зь неба сказаў: "Дай жа ты і мне шанец – купі хоць адзін лятарэйны білет!"
На працягу апошніх пяці гадоў заявы на паступленьне ў Стэнфард падавалі ўсяго два чалавекі зь Беларусі – ім адмовілі. Крыху наіўнай арытмэтыкі: за пяць гадоў Стэнфард атрымаў каля ста тысячаў заяваў на паступленьне – і 15 адсоткаў, кожны сёмы, былі залічаныя. Зусім неблагая гульня, але беларускія заяўкі склалі ўсяго дзьве тысячныя адсоткі ад агульнай колькасьці тых, хто браў удзел.
Між тым, умовы прыёму замежнікаў – тыя ж самыя, што для амэрыканскіх студэнтаў: талент і выдатная вучоба ў школе, плюс засьведчаныя якасьці лідэра ў грамадзкім жыцьці ці выбітныя здольнасьці ў мастацтве альбо спорце. Трэба прадставіць рэкамэндацыі, напісаць эсэ, прайсьці некаторыя тэсты. Заможныя замежнікі пераважна самі плацяць за навуку. Але зусім ня ўсе; асабліва таленавітыя студэнты атрымліваюць стыпэндыі: сёлета 179 чужынцаў атрымалі па $ 24,659, усяго каля чатырох з паловай мільёнаў даляраў.
Зразумела, трэба валодаць ангельскай мовай. У прыёмнай камісіі параілі зацікаўленым асобам уважліва вывучыць правілы, зьмешчаныя ў Інтэрнэце www.stanford.edu
Яшчэ адзін спосаб патрапіць у Стэнфард – пачаць вучобу ў іншым унівэрсытэце і потым перавесьціся ў Каліфорнію. Стэнфард атрымаў дзьве такія заяўкі на будучы год ад беларускіх студэнтаў – і адну прынялі!
Магу толькі паўтарыць усьлед за панам Богам – білеты трэба купляць, спадарства.

Афіцыйны бюджэт стэнфардзкага студэнта выглядае наступным чынам: навучаньне ў 2000-2001 акадэмічным годзе каштуе $24.441 даляр (летась – 23.058), за падручнікі – $1.044, на асабістыя патрэбы – яшчэ $1.584, і за пражываньне і харчаваньне – 7,881. Стэнфард зьяўляецца так званым унівэрсытэтам з пражываньнем – пабудаваны на палях вялізнай фермы Лілянда і Джоан Стэнфардаў, апроч карпусоў з аўдыторыямі, лябараторыяў, мэдычнага цэнтру, унівэрсытэт мае 10 жыльлёвых комплексаў для студэнтаў. 94% навучэнцаў жывуць ў інтэрнатах. Месцы гарантаваныя ўсім на працягу ўсіх чатырох гадоў навучаньня. Той, каго не задавальняюць пакоі на дваіх і адсутнасьць крытага гаражу для асабістага "Поршэ", можа, зразумела, зьняць кватэру па-за межамі Фермы, як паводле традыцыі называюць унівэрсытэт, але першакурсьнікі абавязкова павінны правесьці першы год у інтэрнаце.

Побач звычайна селяць студэнтаў з розных факультэтаў, розных штатаў ці краінаў, розных расаў, але ў іх будзе нешта агульнае – напрыклад, любоў да джазу. Расьсяленьне нагадвае рэцэпт беларускага баршчу са сьмятанай – усяго патроху.

Дарэчы, пра боршч. У Стэнфардзе ўсе насельнікі інтэрнатаў абавязаныя набыць "плян харчаваньня", паводле якога студэнтаў прымушаюць нармальна есьці. Код на электроннай карце вызначае калі, дзе і як часта сілкавацца, пры гэтым яшчэ набываюцца балы, якія можна скарыстаць для іншых паслугаў. Умовы кожнага з чатырох плянаў чытаюцца як радкі з "Тараса на Парнасе", калі Геба падае на стол багам:

Найперш дала яна капусту,
Тады са шкваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу
Дае ўволю, толькі еш.

І с пастаялкай жур сьцюдзёны,
А с кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны пражонай
Уволю ўсім багом было.

"Тарас на Парнасе" у перакладзе на стэнфардзкі плян харчаваньня нумар два афіцыйна называецца "Ўсё, што можаш зьесьці" і гучыць так:

"Пацеш сябе кожны раз
неабмежаванаю колькасьцю падыходаў
да раздатачных лініяў
па гарачыя галоўныя стравы,
закускі, супы, салаты,
сьвежую садавіну і гародніну,
дэлікатэсы, дэсэрты, напоі
19 разоў на тыдзень
плюс права раз на месяц
прывесьці пакарміць
госьця."

Можа, яно і ня ў рыфму, але гучыць даволі паэтычна. І для студэнтаў ня толькі ў Беларусі.

Эпіграф да выданьня "Тараса на Парнасе", якое пабачыла сьвет ў 1909 годзе ў друкарні Марціна Кухты і захоўваецца ў бібліятэцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, адрасаваны якраз студэнтам:

"Сонца навукі праз хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомные,
Добраю долей – долей шчасьлівай"

Над ніваю Стэнфарда яснае сонца навукі зьзяе ўжо сто гадоў. Кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад партыі зялёных Ральф Нэйдэр, які выступаў на мінулым тыдні ва ўнівэрсытэце, заявіў студэнтам, што бітком напоўнілі залю: "Многія з вас паступілі ва ўнівэрсытэт і думаюць, што яны на прыступках лесьвіцы, якая вядзе да посьпеху. Але – насамрэч вы ў ліфце, які аўтаматычна падымае вас ўгору". Нэйдэр заклікаў да сацыяльнай адказнасьці, папярэджваў пра небясьпеку змарнаваць талент на дробныя справы, але мэтафара, якую ён ўжыў, сапраўдная толькі пры поглядзе звонку. Дыплём Стэнфарда – сапраўды гарантаваны посьпех у бізнэсе і мэдыцыне, навуцы і юрыспрудэнцыі. Але цудаў не бывае – калі гэта ліфт, дык ён на ручной цязе. Аплядысмэнты ў залі былі даволі кароткія.

Штогод унівэрсытэт выдае расклад курсаў, якія будуць выкладацца – прозьвішчы прафэсараў і пару кароткіх сказаў пра той ці іншы курс. Выданьне на гэты акадэмічны год нагадвае тэлефонны даведнік і налічвае больш за 600 старонак. На аднаго выкладчыка ў Стэнфардзе прыпадае 7 з паловай студэнтаў – і да кожнай сустрэчы абодва бакі рыхтуюцца так, што дым з вушэй ідзе. Нядаўна я слухаў лекцыю, прысьвечаную структуры карупцыі ў постсавецкіх краінах. Прафэсар, які неаднаразова бываў у рэгіёне ў якасьці кансультанта міжнародных эканамічных установаў, уразіў мяне ня столькі мудрагелістымі матэматычнымі формуламі, якія апісвалі ўзаемадзеяньне інвэстыцыяў, мясцовых бізнэсаў, і розных тыпаў карупцыі, колькі тым, што напачатку зрабіў агляд 12 кніжак на гэтую тэму, выдадзеных на працягу апошніх двух гадоў у чатырох краінах. Студэнты ўразілі яшчэ болей, калі засьведчылі, што з паловай гэтых кнігаў пазнаёміліся перад лекцыяй. На іспытах яны мусяць арыентавацца ў розных падыходах да аналізу зьявы – і гэта будзе толькі адно пытаньне аднаго курсу.

Як вядома, Тарас-палясоўшчык пад час сваёй вандроўкі на Парнас асабліва не цырымоніўся з ацэнкамі:

"Во, з усяго сабралісь неба
Як тараканы каля хлеба
Багі і селі ўкруг стала"

Калі так пра багоў, дык можна ўявіць што беларускі дзядзька сказаў бы пра стэнфардзскіх студэнтаў, якія мінулае начы, 31 кастрычніка, наладзілі дыскатэку з танцамі на магіле Лілянда Стэнфарда- малодшага, таго самага падлетка, бацькі якога заснавалі ўнівэрсытэт.

Пра гэтую традыцыю – наступным разам.

Аляксандар Лукашук
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG