Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 кастрычнiка 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін распачаў сёньня двухдзённы афіцыйны візыт у Францыю, дзе ён праводзіць некалькі раўндаў перамоваў з кіраўнікамі Эўрапейскага Зьвязу і Францыі. З падрабязнасьцямі гэтай падзеі ля мікрафону Мікола Іваноў.

Галоўная мэта візыту, як падкрэсьліваюць міжнародныя палітычныя аглядальнікі, далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж Заходняй Эўропай і Расеяй у галіне энэргетыкі. Пуцін хоча дасягнуць пагадненьня ў справе: газ і нафта ў абмен на інвэстыцыі ў расейскую энэргетыку.

Справа гэтая выразна ўзаемакарысная, але каб зрушыць яе зь месца, трэба абмеркаваць і дасягнуць паразуменьня ў шмат якіх пытаньнях: на якіх варунках пойдуць заходнія грошы ў Расею, якім шляхам пойдзе новы транзытны газаправод з Расеі ў Заходнюю Эўропу, стабільнасць паставак расейскай нафты ў варунках высокіх ўсясьветных цэнаў на нафту і т.п.

Перамовы ў гэтай ды іншых важных справах адбываюцца ў Парыжы невыпадкова. Голас Францыі – адзін з самых важкіх у Эўразьвязе, а цяпер Францыя на працягу паўгоду узначальвае яго. І таму ў сваёй прывітальнай прамове перад пачаткам перамоваў прэзыдэнт Пуцін заявіў:

(Пуцін: ) "Я хачу выказаць сваё глыбокае задавальненьне тым, што прэзыдэнт Шырак прадэманстраваў палітычную станоўчую волю ў разьвіцьці адносінаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй ва ўсіх напрамках, і што вельмі важна, у галіне эканомікі і экалягічнай бясьпекі".

Раніцай сёньня Пуцін правёў перамовы з прадстаўнічай дэлегацыяй ЭЗ. Абмяркоўваліся праблемы эўрапейскай бясьпекі, дэмакратычных і рынкавых рэформаў у Расеі. У выніку перамоваў была прынятая супольная дэклярацыя аб неабходнасьці пошуку мірнага вырашэньня чачэнскага канфлікту. Дэклярацыю ад імя Расеі падпісаў Уладзімір Пуцін. Ад імя Эўрапейскага Зьвязу – прэзыдэнт Францыі Жак Шырак, старшыня эўракамісіі Романо Продзі і каардынатар вонкавай палітыкі ЭЗ Гаўер Саляна.

Бакі таксама згадзіліся, што няма ваеннага вырашэньня і канфлікту на Блізкім Усходзе, і што урэгуляваньня яго можна дасягнуць толькі шляхам перамоваў.

Пуцін таксама праводзіць перамовы з генэральным сакратаром Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця Дональдам Джонсанам. Хаця Расея не зьяўляецца сябрам гэтай міжнароднай арганізацыі, ад 1993 году яна актыўна супрацоўнічае зь ёй. У прыватнасьці, расейскі ўрад не аднойчы карэктаваў сваю эканамічную палітыку ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі яе экспэртаў.

Напярэдадні перамоваў кіраўнік дэпартамэнту Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва і Разьвіцьця Эрык Бургеат заявіў у інтэрвію нашай радыёстанцыі:

(Бургеат: ) "Для генэральнага сакратара нашай арганізацыі вельмі важна непасрэдна ад прэзыдэнта Пуціна пачуць пра галоўныя прыярытэты расейскай палітыкі. Гэта сьведчыць аб тым, што расейскі ўрад аддадзены працэсу паскарэньня рэформаў, а таксама гэта можа дапамагчы нам лепш сплянаваць праграму супрацоўнітцва ў найважнейшых галінах".

Вельмі дакладна агульную атмасфэру, якая пануе на перамовах у Парыжы, схарэктарызаваў міністар замежных справаў Францыі Юбэр Вэдрын. "Нам патрэбная стабільная і багатая Расея. Мы хацелі б, каб яе вонкавая палітыка выклікала давер у суседзяў. Але мы разумеем, што гэтага нельга дасягнуць у адзін год, нават за 10 год, калі ўлічваць тое, што яна адбудоўваецца на руінах Савецкага Саюзу. Гэтыя нашыя пажаданьні цалкам лягічныя і рэалістычныя. Мы праводзім дыялёг з Расеяй, каб лепш зразумець заданьні, якая стаяць перад ёй".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG