Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 кастрычнiка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Улады мястэчка Пружаны, што на Берасьцейшчыне, распачалі наступ на суполку Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны, абвінавачваючы ейных сяброў у дзейнасьці, якая, нібыта, не адпавядае статутным патрабаваньням.

Пружанскія ўлады накіравалі ў Міністэрства юстыцыі ліст за подпісам старшыні выканкаму Аляксандра Юркевіча з просьбаю прыняць меры супроць раённае рады Таварыства Беларускае Мовы ў сувязі зь нібыта парушэньнем ёю статутнай дзейнасьці. Гэтае парушэньне, на думку пружанскіх "вэртыкальшчыкаў", актывісты беларушчыны зрабілі пад час асьвячэньня помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

Помнік 40 тутэйшым змагаром за незалежнасьць паставілі на іхнай магіле ў Ружанскай пушчы мяйсцовыя сяляне адразу пасьля смяртэльнае бітвы з расейскімі карнікамі ў 1863 годзе. За мінулыя 140 год помнік ня раз зьнішчалі. Апошні раз — вайскоўцы часткі, на тэрыторыі якой знаходзіцца цяпер магіла паўстанцаў. Сёлета яго зноў аднавілі пружанскія адраджэнцы. Цырымонія асьвячэньня мэмарыялу і сталася падставаю для наступу ўладаў.

Першая спроба наступу была зробленая 19 кастрычніка ў раённым судзе, празь які ўлады хацелі пакараць за выступ на акцыі асьвячэньня помніка старшыню раённае рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Генадзя Сароку.

(Сарока: ) "Асабіста мяне прыцягнулі па артыкуле 167(прым.3) – гэта за заклік да байкоту: маўляў, вы адхіліліся ад сцэнару… Але надзвычайных "аргвысноваў" яны не рабілі, мы такога ня ведаем".

Суд не знайшоў доказаў віны спадара Сарокі й не згадзіўся з высновамі ўлады пра антызаконную дзейнасьць адраджэнцаў. А ўлада тым часам свае высновы накіравала пракурору Пружанскага раёну, начальніку абласное ўправы юстыцыі ды ў міністэрства юстыцыі з просьбаю прыняць супроць Пружанскае рады ТБМ "меры ў адпаведнасьці з заканадаўствам". Пра што, дарэчы, пружанскія тэбээмаўцы даведаліся ад вашае карэспандэнткі.

Якія захады зрабілі два першыя адрасаты, пакуль невядома, а вось рэакцыя Міністэрства юстыцыі даволі нестандартная. Яно накіравала копію антытэбээмаўскага ліста пружанскіх "вэртыкальшчыкаў" у сакратарыят рэспубліканскае рады Таварыства з прапановаю выказаць сваю думку наконт дзейнасьці пружанскае суполкі.

На думку сяброў сакратарыяту, дзеяньні іхных пружанскіх сяброў "заслугоўваюць самай высокай ацэнкі". Ці задаволіць гэтая ацэнка міністэрскіх чыноўнікаў— пакажа час.

XS
SM
MD
LG