Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Яшчэ ўдзень прадстаўнік цэнтарвыбаркаму заявіў, што на 14 гадзінаў прагаласавала звыш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў. І ўлады, і апазыцыя амаль не сумняюцца, што другі тур выбараў адбудзецца сёньня амаль ва ўсіх акругах.

Прадастаўнікі ўладаў сьцьвярджаюць, што людзі ўсьведамляюць неабходнасьць галасаваньня. Апазыцыянэры лічаць, што ў другім туры, як і ў першым, выбары будуць сфальшаваныя.

Сёньня ўраніцу на выбарчыя ўчасткі ў сталіцы ў асноўным ішлі людзі пэнсійнага веку.

А дзявятай гадзіне раніцы я наведаў 65-ы ўчастак Купалаўскае выбарчае акругі, дзе спаборнічаюць лідэр "Грамадзянскага Форуму" Ўладзімер Навасяд і старшыня прафсаюзнага камітэту Мотавелазаводу Мікола Бойка. Паводле старшыні ўчастковае выбарчае камісіі Тамары Бурдэкі, за першую гадзіну там прагаласавалі 50 чалавек. Такую ж лічбу назвалі й назіральнікі ад "Грамадзянскага Форуму" й Камуністычнай партыі Беларусі (партыі Чыкіна). Пры гэтым яны сьцьвярджалі, што ніякіх парушэньняў заканадаўства з боку сяброў выбарчае камісіі заўважана не было. Старшыня камісіі амаль не сумнявалася, што на яе ўчастку выбары адбудуцца.

Гаворыць Тамара Бурдэка:

(Бурдэка: ) "Я думаю, што якраз на нашым участку можа быць 25 адсоткаў, бо ў нас вельмі пажылое насельніцтва. У нас нават 1901 год нараджэньня ёсьць. Амаль 30 адсоткаў выбаршчыкаў – нарадзіліся да 1922 году. Гэтыя людзі вельмі адказныя".

Старшыня гэтае выбарчае камісіі, аднак, не была ўпэўненая, што выбары адбудуцца на іншых участках і акругах. А вось чым матывавалі свой прыход на ўчастак выбаршчыкі:

(Мужчынскі голас 1: ) "Каб дэпутата выбраць".

(Карэспандэнт: ) "Вы думаеце, што гэтыя выбары нешта зьменяць у грамадзтве, дзяржаве?"

(Мужчынскі голас 1: ) "Я думаю, што не"

(Жаночы голас: ) "А хто калі зьмяніў ці зьменіць? Як было, так і будзе".

Тым часам Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня выбарчага ўчастку ўпэўнена заявіў, што выбары адбудуцца й будуць абраны 96 ці 97 дэпутатаў гэтак званае "палаты". Аб 11-й гадзіне раніцы першы брыфінг правёў сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Іван Ліхач. Паводле ягоных словаў, празь дзьве гадзіны пасьля адкрыцьця выбарчых участкаў па Беларусі прагаласавала амаль 6 адсоткаў выбаршчыкаў. Найменшая колькасьць людзей (больш за 4%) прагаласавала ў Менску й Гарадзенскай вобласьці.

Нагадаю, што ў першым туры Гарадзеншчына была лідэрам сярод рэгіёнаў паводле колькасьці прагаласаваўшых. Іван Ліхач патлумачыў цяперашнюю больш нізкую яўку адсутнасьцю датэрміновага галасаваньня.

Пазьней спадар Ліхач паведаміў, што лічба прагаласаваўшых на 14 гадзінаў склала 30,9 адсоткі выбаршчыкаў і выбары адбыліся ў 36 акругах. Іван Ліхач таксама дадаў, што выбары праходзяць без парушэньняў, хаця ў ЦВК й паступіла некалькі скаргаў ад назіральнікаў, якіх старшыні камісіяў не пускалі на ўчасткі. Але паводле словаў Івана Ліхача, гэтыя людзі самі вінаватыя, бо нібыта позна падалі ў камісіі адпаведныя заявы.

З такім меркаваньнем абсалютна ня згодны старшыня Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб. Паводле спадара Грыба, Каардынацыйная рада выставіла сёньня каля 400 назіральнікаў у васьмі выбарчых акругах, дзе засталіся кандыдаты, блізкія да апазыцыі.

Аднак на многіх участках старшыні камісіяў не дазволілі ім праводзіць назіраньне. Падобнае адбывалася і ў часе першага туру галасаваньня. На думку Мечыслава Грыба, гэта робіцца, каб было лягчэй фальшаваць вынікі выбараў. Высокую ж яўку выбаршчыкаў спадар Грыб пракамэнтаваў так:

(Грыб: ) "Можа людзям абрыдла гэтае галасаваньне, а можа выканалі плян, як у першым туры".

(Карэспандэнт: ) "Вы маеце на ўвазе фальсыфікацыі?"

(Грыб: ) "Так, сказаўшы "а", улады вымушаныя сказаць і "б". Што ім рабіць, калі сфальсыфікавалі першы тур на карысьць прадстаўнікоў уладаў, дык што іх стрымае, каб не рабіць гэта ў другім туры?"

Лічыць Мечыслаў Грыб.

Паводле фактаў усіх парушэньняў выбарчага закону назіральнікі ад Каардынацыйнае рады складуць адпаведныя пратаколы, пададуць скаргі у Цэнтральную выбарчую камісію і пракуратуру, а таксама паінфармуюць міжнародныя структуры.

XS
SM
MD
LG