Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскія ўлады за апошні час удасканалілі мэтады камандна-адміністрацыйнай эканомікі. Ня маючы сродкаў, яны пасьпяхова выконваюць некаторыя свае пляны. Грошы вымагаюцца прымусам з прадпрыемстваў і фірмаў. Аднак апошнім разам гэтак зрабіць не атрымалася. Таму зацягнулася рэканструкцыя вуліцы генэрала Антонава.

Пра стварэньне разрэклямаванае свабоднае эканамічнае зоны «Гродна» ўлады даўно маўчаць. Навучыліся абыходзіцца без замежных інвэстыцыяў.

Пачалося ўсё з нарыхтоўкі для гораду гародніны на зіму. У гарадзкім выканкаме склалі сьпіс прадпрыемстваў і фірмаў, ды афіцыйна ўсіх папярэдзілі: вы мусіце пералічыць канкрэтную суму на закупку капусты й бульбы. Праз паўгода выдаткі вам кампэнсуюць, але, прабачце, без адсоткаў і без уліку інфляцыі. Усе абураліся, але — мусілі падпарадкавацца.

Пытаньне пра тое, што нідзе ў сьвеце мэрыя не займаецца нарыхтоўкаю бульбы — гучыць рытарычна. Старшыня гарадзкога выканкаму Пашкевіч потым не аднойчы публічна пахваляўся, што пажылыя жыхары горада, у якіх мізэрныя пэнсіі, дзякуючы ўладам галадаць узімку ня будуць…

А потым пачалося! Спаганяліся грошы на фуражнае збожжа, на выкананьне дзяржаўнае праграмы «Жыльлё», на дарогі. Сёлета да фэсту нацыянальных культураў у Старым горадзе было адрэстаўравана шмат камяніц, пакладзена вулічная плітка. «Мэр» пры гэтым пахваляўся: улады ня выдаткавалі на гэта ані рубля. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што потым у газэце быў надрукаваны сьпіс прадпрыемстваў і фірмаў, зь якіх былі спагнаныя грошы. Маўляў, улады ім дзякуюць за «дапамогу».

Сёньня зацягнуўся грунтоўны рамонт вуліцы Антонава, якая вядзе да Цэнтральнага кірмашу. Справа ў тым, што ўлады вырашылі спагнаць на гэта па 20 даляраў з гандляроў. Маўляў, карыстаецеся вуліцаю, дык плаціце. Бальшыня — рашуча адмовілася. Хаця нават з рэдакцыі абласное газэты, будынак якой знаходзіцца там жа, ужо спагналі 500 даляраў. Аднак паміж сабою журналісты гавораць: мы спраўна плоцім падаткі, чаму мы мусім даваць грошы дадаткова!?.

Гандляроў прымусіць цяжэй. На самім кірмашу адбываецца рэканструкцыя гандлёвых радоў, і грошы, зноў-такі, патрабуюць ад тых, хто гандлюе. Яшчэ нядаўна гэты рынак часта страйкаваў. Адна з прычынаў незадаволенасьці гучала так: мы плоцім і падаткі, і за гандлёвае месца, а на кірмашы — нічога не паляпшаецца. Дык куды ж трапляюць грошы? А тут яшчэ на вуліцу выдаткуйся…

Частка гараджан асуджае гандляроў за такую пазыцыю. Аднак нават у самім гарадзкім выканкаме ёсьць людзі, якія ўсьведамляюць заганнасьць практыкі, якая шырока ўжываецца ў горадзе. І ў іншых краінах улады могуць прыцягваць прыватны капітал, але ствараючы эканамічна выгодныя ўмовы для фундатараў. У нас жа ўсё робіцца праз адміністрацыйны прымус.

У выніку ўладам ужо ня трэба дбаць пра стварэньне ў горадзе новых працоўных месцаў. Унівэрсальны прынцып — чым больш новых фірмаў, тым болей падаткаў у гарадзкой скарбонцы — тут па-сутнасьці ня дзейнічае. Наадварот, калі пасьля чарговае перарэгістрацыі іхная колькасьць зноў зьмяншаецца, улады як быццам адчуваюць палёгку. Маўляў, можна адрапартаваць, што ў горадзе паменшала гэтак званага «жульля».

XS
SM
MD
LG