Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 кастрычнiка 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Беларускія ўлады канчаткова адмовіліся ад ідэі стварэньня ўласнага марскога флёту, але плянуюць у сярэдзіне лістапада разгледзець праект будоўлі стагодзьдзя — транзытнага калідору з Польшчы ў Расею паводле прапановы "саюзнага" дзяржаўнага сакратара Паўла Барадзіна. Пра гэта паведаміў сёньня міністар транспарту Аляксандар Лукашоў.

Аляксандар Лукашаў распавёў, што цяпер больш як паўтары тысячы грамадзянаў Беларусі маюць пашпарты марака. З гэтымі дакумэнтамі яны могуць уладкавацца на караблі ва ўсім сьвеце, але бальшыня беларусаў па-ранейшаму працуе ў краінах Балтыі, расейскім Мурманску ды на чарнаморскім флёце. Нягледзечы на такую колькасьць прафэсійных маракоў, цяпер ужо ніхто не зьбіраецца ствараць беларускі марскі гандлёвы флёт, заявіў міністар транспарту спадар Лукашоў.

(Лукашоў: ) "Скажыце, які дзяржаўны чалавек сёньня будзе на роўным месцы будаваць судны, будаваць порты, прывалы, якімі мы традыцыйна карысталіся. Сёньня мы ствараем поле для сур"ёзнай канкурэнцыі паміж гэтымі портамі"

Паводле словаў міністра транспарту, за пяць апошніх год аб'ёмы міжнародных аўтаперавозак на беларускіх грузавіках зь беларускімі кіроўцамі павялічыліся ў шэсьць разоў. Раней Беларусь займала ў гэтай транспартнай галіне Эўропы сёмае месца, а сёлета пасунулася ўверх, цяпер на гэтым месцы Расея, паведаміў міністар Лукашоў.

(Лукашоў: ) "У гэтым годзе за першае паўгодзьдзе Беларусь займае 4-е месца ў Эўропе паводле аб"ёму перавозак сваім транспартам, беларускім".

Міністар транспарту таксама распавёў, што 14 лістапада выканаўчы камітэт саюзнае дзяржавы Беларусі ды Расеі будзе раглядаць праект будаўніцтва транспартнага калідору Берасьце—Масква. Гэты праект падрыхтаваў "саюзны" дзяржаўны сакратар Павал Барадзін, які на пасадзе кіраўніка справаў прэзыдэнта Барыса Ельцына ажыцьцявіў рэканструкцыю Крамля. Цяпер спадара Барадзіна расшуквае жэнеўская пракуратура, якая выдала ордэр на ягоны арышт праз падазрэньне ў хабару на мільёны даляраў. Беларускі міністар транспарту адмовіўся камэнтаваць новы крамлёўскі праект да лістападаўскага разгляду, але зазначыў:

(Лукашоў: ) "Крэмль тут не прычым ці ягоная рэстаўрацыя. Але гэтых сродкаў я ня ведаю, колькі трэба будзе ці будзе выдзелена для беларускіх участкаў. Пакуль я ведаю агульную суму".

Сказаў Аляксандар Лукашоў і дадаў, што новы праект Паўла Барадзіна ацэньваецца ў мільярды даляраў.

XS
SM
MD
LG