Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту "Выбар-2001" і Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць, што папярэджаньне Міністэрства юстыцыі пра недапушчальнасьць зьмяшчэньня ў мэдыях інфармацыі пра незарэгістраваныя арганізацыі ёсьць палітычна матываваным і скіраваным на запалохваньне недзяржаўных СМІ перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Міністэрства юстыцыі Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой папярэдзіла сродкі масавай інфармацыі пра адказнасьць за разьмяшчэньне інфармацыі пра незарэгістраваныя грамадзкія арганізацыі.

У прыватнасьці, чыноўнікам Міністэрства юстыцыі не спадабалася, што некалькі газэтаў зьмясьцілі інтэрвію з сустаршынямі створанага надоечы арганізацыйнага камітэту "Выбар-2001". ("Выбар-2001" створаны дзеля вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.) Не падабаецца прадстаўнікам Міністэрства юстыцыі і тое, што ў некаторых СМІ зьяўляецца інфармацыя пра дзейнасьць каардынацыйнага камітэту "Гарадзенская ініцыятыва", які ўзначальвае Сямён Домаш.

Як адзначаецца ў заяве Міністэрства юстыцыі, гэтыя газэты могуць быць папярэджаныя або іх выхад прыпынены на тры месяцы. А асобы, што дзейнічаюць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, пакараныя штрафамі ад 10 да 100 мінімальных заробкаў ці 15-сутачным арыштам.

Вось што паведаміў нашаму радыё начальнік управы грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі Міхал Сухінін:

(Сухінін: ) "Сродкі масавай інфармацыі ня могуць зьмяшчаць інфармацыю аб дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх аб'яднаньняў, партыяў і прафсаюзаў. А апошнія нумары Народнай Волі, Савецкай Беларусі і яшчэ некалькі газэт давалі інтэрвію Шлындзікава, Грушавога. Гэта ня трэба разглядаць як папярэджаньне, якое выносіцца зарэгістраванаму грамадзкаму аб'яднаньню, і можа ставіцца пытаньне аб ліквідацыі. Не, гэта толькі тлумачэньне".

Паведаміў спадар Сухінін.

Сустаршыня аргкамітэту "Выбар-2001" Генадзь Грушавы лічыць зусім інакш:

(Грушавы: ) "Больш за ўсё ўлады хвалюе, каб кампанія прэзыдэнцкая праходзіла не на шырокай электаральнай базе, не з удзелам самых розных колаў дэмакратыычнага грамадзтва Беларусі. Гэтае папярэджаньне ня мае ніякай юрыдычнай сілы. Гэта ня йдзе супраць тых законаў, якія дзейнічаюць сёньня ў Беларусі, але відавочна, што ўлады ўжо хвалююцца. Ім вельмі непажадана, каб грамадзтва праз мэдыі пачула аб тым, што вось такая ініцыятыва існуе, і што гэты працэс ужо пайшоў".

Лічыць спадар Грушавы.

Дырэктар Цэнтру праўнае дапамогі СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхал Пастухоў назваў заяву Міністэрства юстыцыі палітычна матываванай. Паводле ягоных словаў, фармальна вынесьці папярэджаньні ці прыпыніць выпуск газэтаў Міністэрства юстыцыі і Дзяржаўны камітэт друку могуць толькі ў тым выпадку, калі гэтыя выданьні будуць зьмяшчаць, напрыклад, афіцыйныя заявы незарэгістраваных партыяў ці арганізацыяў. Карэспандэнты ж маюць поўнае права паведамляць пра дзейнасьць любых асобаў і аб'яднаньняў незалежна ад іхнага статусу. Гэта, паводле словаў спадара Пастухова, законам не забаронена.

XS
SM
MD
LG