Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Эўрапейская камісія, атрымаўшы скаргу асацыяцыі вытворцаў угнаеньняў Эўропы, распачала супраць Беларусі ды яшчэ 9 краінаў антыдэмпінгавае расьсьледаваньне ў справе імпарту мачавіны (карбаміду). Беларускі бок, паводле Міністэрства замежных справаў, гатовы ў часе гэтага расьсьледваньня супрацоўнічаць з Эўрапейскай камісіяй.

Эўрапейская асацыяцыя вытворцаў угнаеньняў зьвярнулася ва ўрад Эўразьвязу са скаргаю на дэмпінг з боку 10 дзяржаваў, якія ўвозяць мачавіну (або карбамід) з заніжаным коштам. У сьпісе, акрамя Беларусі, ёсьць яшчэ Ўкраіна, Польшча, Эстонія, Летува, Баўгарыя, Румынія, Харватыя, а таксама Егіпет і Лівія. Эўрапейская камісія вырашыла распачаць антыдэмпінгавае расьсьледваньне супраць гэтых краінаў, бо імпарт адтуль нэгатыўна паўплываў на фінансавае становішча ды занятасьць у гэткай жа прамысловасьці дзяржаваў ЭўраЗьвязу.

Вось як пракамэнтаваў сытуацыю прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) "Беларусь – адна зь некалькіх краінаў, адносна якіх узбуджанае антыдэмпінгавае расьсьледваньне. Наколькі нам вядома, гэта некалькі краінаў, у тым ліку і краіны Эўропы. Беларускі вытворца, у дачыненьні якога ўзбуджанае гэтае антыдэмпінгавае расьсьледаваньне (хачу тут падкрэсьліць, што гэта не ў адносінах да дзяржавы, а ў адносінах да вытворцы прадукцыі), будзе супрацоўнічаць з Эўрапейскай камісіяй пад час расьсьледаваньня, ў тым ліку для яго аб'ектыўнага правядзеньня".

Гаварыў Павал Латушка, які сёньня ладзіў брыфінг у Міністэрстве замежных справаў.

Адзіным беларускім вытворцам мачавіны, якая ідзе на экспарт у Эўрапейскі Зьвяз, ёсьць Гродзенскае вытворчае аб'яднаньне "Азот". У аддзеле маркетынгу гэтага прадпрыемства мне адмовіліся назваць хоць бы якія лічбы, што характарызуюць экспарт карбаміду ў краіны ЭўраЗьвязу, але паведамілі, што ведаюць пра адпаведнае рашэньне Брусэлю.

Аднак спадар Латушка адную лічбу ўсё ж падаў:

(Латушка: ) "Аб канкрэтных лічбах, нейкіх грошах я не магу гаварыць. Я магу гаварыць толькі пра тое, што доля гэтай прадукцыі на рынках Эўрапейскага Зьвязу складала каля 6 адсоткаў. Важна адзначыць, што ня ўсе з гэтых 6 адсоткаў імпартаваліся і прадаваліся ў Эўрапейскі Зьвяз з парушэньнем заканадаўства. Якраз антыдэмпінгавае камісія, гэтае расьсьледаваньне гэта ўсё праверыць і зробіць свае высновы".

Гэта быў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.

XS
SM
MD
LG