Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Расейскі друк надалей камэнтуе вынікі выбараў у Беларусі.

"Московские новости" мяркуюць, што беларускія выбары былі сутыкненьнем чатырох палітычных груповак. Першая – "заходнікі" ва ўладзе, якія хацелі любой цаною дамагчыся прызнаньня выбараў усясьветнай супольнасьцю і выхаду з ізаляцыі. Другая – уладныя "антызаходнікі", якія, паводле меркаваньня аўтара газэты, лічылі, што Эўропа "праглыне любую страву, звараную на беларускай палітычнай кухні, а калі не праглыне, дык ёй жа, Эўропе, горш". Трэцяя група – апазыцыянэры, прыхільнікі байкоту, якія лічылі, што шляхам байкоту можна праз міжнародныя арганізацыі дамагчыся больш дэмакратычных умоваў прэзыдэнцкіх выбараў. І, нарэшце, апазыцыянэры, якія меліся ўдзельнічаць у выбарах, мяркуючы, што больш дэмакратычнага заканадаўства можна дачакацца гэтак жа хутка, як і "сьвісту на гары варанага рака".

"Московские новости" падрабязна апісваюць прыгоды дня выбараў, калі інфармацыя пра яўку, што гучала ў перадачах беларускага тэлебачаньня, супярэчыла паведамленьням Цэнтарвыбаркаму. Канчатковыя ж лічбы яўкі удзельнікаў выбараў газэта параўноўвае з туркменскімі.

"Общая газета" сьцьвярджае, што выбары ў Беларусі ў сапраўднасьці адбыліся на месяц раней абвешчаных, калі ўлада не зарэгістравала бальшыню дэмакратычных кандыдатаў. Газэта лічыць, што прычынаю байкоту выбараў з боку часткі апазыцыі быў ці страх паразы ці спадзяваньне на "югаслаўскі" варыянт, але гэта не перашкодзіла Лукашэнку стварыць цалкам паслухмяную "палату прадстаўнікоў".

Параўнаньне беларускай сытуацыі з югаслаўскай сустракаецца ў шэрагу публікацыяў. Аўтар часопісу "Век" адзначае, што "югаслаўскі" сцэнар мог бы спрацаваць ў Беларусі толькі пры ўмове ўдзелу правай апазыцыі ў выбарах. "Век" не выключае, што падзеі на Балканах хутчэй прывядуць самога Лукашэнкі да думкі, ці ня варта яму пакрысе рабіць паварот на Захад. Прыгадваючы дапомогу, якая пайшла ў Югаславію з Захаду пасьля сыходу Мілошавіча, аўтар "Века" піша, што падняць эканоміку краіны ў 10 мільёнаў чалавек Захаду па сілах. Праўда, адзначае ён, Лукашэнку давядзецца пайсьці на пэўныя саступкі – ня надта ціснуць апазыцыю і незалежныя СМІ, правесьці справядлівыя выбары. Але рэальнай пагрозы уладзе Лукашэнкі гэта ня створыць – мяркуе выданьне. "Век" не выключае, што падштурхоўваць Лукашэнку да гэтага сцэнару Захад пачаў ужо зараз, часопіс лічыць, што рэакцыя Эўразьвязу на беларускія парлямэнцкія выбары не была такой жорсткай, як можна было чакаць.

Часопіс "Новое время" задае пытаньне – навошта некалькі тыдняў таму Лукашэнка публічна распавёў пра сваю размову на падвышаных танах, на крыку, з Уладзімірам Пуціным. Часопіс лічыць, што, нягледзячы на пэўнае падабенства лукашэнкаўскага і пуцінскага рэжымаў, менавіта паміж імі ўзьнікаюць непераадольныя супярэчнасьці. "Лукашэнка імкнецца да аб'яднаньня, пры якім Расея возьме на сябе эканамічныя клопаты, пакінуўшы яму любімую цацку – уладу. Пуцін жа разглядае маленькага, але амбітнага беларускага дзеяча ў лепшым выпадку ў якасьці сябры Дзяржсавету са статусам не вышэй шайміеўскага", – піша "Новое время". Выданьне пералічае захады, якія зрабіў пуцінскі Крэмль па "перавыхаваньні" саюзьніка: аднаўленьне мытняў, выхад без папярэджаньня з бязьвізавай прасторы СНД, патрабаваньні сплочваць запазычанасьць.

Але на думку "Нового времені", самая вялікая "здрада" Масквы паводле меркаваньня Лукашэнкі – гэта "здача" Мілошавіча. Выданьне гаворыць пра пэўны гандаль: закручваючы гайкі ў Расеі, Пуцін імкнецца не папсаваць адносіны з Захадам. "Здаўшы" Мілошавіча, Расея зрабіла паслугу Захаду", – адзначае "Новое время".

"Амэрыканцы правілы гэтага гандлю яшчэ не ацанілі, але дзеля гэтага ёсьць іншыя кандыдаты на здачу, напрыклад, Лукашэнка", – піша выданьне. Яно ня выключае, што Масква ўжо ня супраць таго, "каб на мейсцы Аляксандра Рыгоравіча апынуўся чалавек менш крыклівы і больш ураўнаважаны". "Так што ў Лукашэнкі ёсьць падставы крычаць ўжо зараз", – піша расейскі часопаіс "Новое время".

XS
SM
MD
LG