Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

(эфір 23 кастрычніка)
Выканаўчы дырэктар Міжнароднае лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык днямі наведала Беларусь. Яна сустрэлася зь лідэрамі палітычных партыяў, праваабаронцамі й жонкамі зьніклых палітыкаў. Прапануем інтэрвію нашае карэспандэнткі з Кэтрын Фіцпатрык.

(Карэспандэнтка: ) "Спадарыня Фіцпатрык, распавядзіце, калі ласка, пра мэту вашага візіту?"

(Фіцпатрык: ) "Мы наведалі Беларусь пасьля выбараў, каб высьветліць становішча ў галіне правоў чалавека, якое цяпер усталявалася ў краіне. Нас хвалюе лёс арганізатараў "Маршаў Свабоды". Ці будзе працягвацца іхны перасьлед? Ці будуць і далей іх прыцягваць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці? Нас непакоіць сытуацыя, у якую трапіла друкарня "Мэджык" у пэрыяд выбарчае кампаніі. Апроч таго, нас хвалюе тое, што людзей, якія агітавалі за байкот выбараў, затрымлівалі, кідалі ў пастарункі, каралі штрафамі ды арыштамі".

(Карэспандэнтка: ) "З кім Вы мелі сустрэчы?"

(Фіцпатрык: ) "Мы былі абмежаваныя ў часе. Візыт разьлічаны на два дні. Сустракаліся зь лідэрамі палітычных партыяў — Лябедзькам, Вячоркам. З прадстаўнікамі грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў — "Хартыя'97", "Вясна". Сустрэліся з жонкамі палітвязьняў, мелі размову з жонкаю Віктара Ганчара. На жаль, пра справы зьніклых было ня вельмі чутна напярэдадні й пад час выбараў. І гэта нягледзячы на тое, што была ж і ўмова АБСЭ напярэдадні выбараў, каб высьветліць лёс гэтых людзей, даць зьвесткі пра тое, як вядзецца сьледзтва, каб быў зрух у гэтым пытаньні".

(Карэспандэнтка: ) "Ці зьмянілася становішча з правамі чалавека ў Беларусі з моманту Вашага апошняга візыту?"

(Фіцпатрык: ) "Становішча значна пагоршылася. Вызначылася тэндэнцыя да пагаршэньня. Гэта і перарэгістрацыя грамадзкіх арганізацыяў, партыяў і прафсаюзаў, падаткавыя інспэкцыі ў выдавецтвах, арышты накладаў некаторых незалежных газэтаў. Абяцанае гэтак званае перамір'е на пэрыяд выбараў не захоўвалася. Людзей, якія заклікалі да байкоту, каралі, як парушальнікаў адміністрацыйнага заканадаўства.

А што тычыцца пазытыўных зрухаў, дык гэта не заслуга рэжыму Лукашэнкі, што людзі пачалі больш актыўна змагацца за свае правы. Вельмі важна, каб гэта было ўнутры краіны, а не па-за межамі. І гэта станоўчы момант".

(Карэспандэнтка: ) "Ваша арганізацыя мае нейкія рычагі ўзьдзеяньня, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?"

(Фіцпатрык: ) "Найперш мы намагаемся паўплываць на амэрыканскі ўрад, бо знаходзімся ў Амэрыцы. Мы — міжнародная арганізацыя, у нас філіі па ўсім сьвеце. Мы працуем у межах ААН і АБСЭ. Мы здолелі прыцягнуць увагу да Беларусі пад час слуханьняў у Кангрэсе. Хутка ў ААН будзе слухацца даклад у пытаньні Беларусі ў Камітэце супраць катаваньняў. Мы спадзяемся там прыцягнуць увагу да становішча з палітвязьнямі і ўмоваў утрыманьня ў беларускіх турмах. Нашая задача — прыцягнуць увагу тых, хто мае рычагі ўплыву — гэта ЗША, Эўропа (АБСЭ). Мы прымусілі АБСЭ гучней казаць пра парушэньні правоў чалавека, адкрыць web-site. Але ў гэтым заслуга й вашых людзей. Мы ўдзячныя ім за падтрымку".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG