Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.


Украіна занепакоеная напружанымі дачыненьнямі Беларусі з Эўрапейскімі арганізацыямі, – заявіў сёньня начальнік прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Украіны Ігар Грушко.

(Цытата: ) "Замежнапалітычнае напружаньне ў дачыненьнях Беларусі з вядучымі эўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасьці, з АБСЭ, выклікае ва Ўкраіны сур'ёзную заклапочанасьць з прычыны наяўнасьці палітычнай напружанасьці ў рэгіёне, да якога Ўкраіна належыць".

Беларусь, паводле словаў Ігара Грушко, належыць да рэгіёну Вялікай Эўропы, і кіруючыся гэтым трэба ацэньваць падзеі ў Беларусі.

Як перадае карэспандэнт УНІАН, цытуючы словы начальніка прэсавай службы міністэрства замежных справаў Украіны, факты адмовы часткі апазыцыйных сілаў Беларусі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах сьведчаць пра канфліктнасьць, якая захоўваецца ў беларускім грамадзтве.

Як паведаміў Ігар Грушко, Украіна перакананая, што працэсы агульнаэўрапейскай інтэграцыі не павінныя абмінаць ніводнай з краінаў кантынэнту. Адзіны рэальны шлях для пераадоленьня існуючай у Беларусі напружанасьці як у замежнапалітычным, так і ўнутрыпалітычным кантэксьце, паводле Ўкраіны, – гэта ўзмацненьне парлямэнтарызму, разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў падзелу ўлады, забесьпячэньне свабоднага функцыянаваньня грамадзкіх і няўрадавых арганізацыяў.

Афіцыйны Кіеў мяркуе, што толькі гарантаваныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы кожнага грамадзяніна могуць стварыць фундамэнт, які забясьпечыць стабільнасьць у грамадзтве, эканамічны рост і паўнацэннае далучэньне краіны да міжнароднай супольнасьці.

Ігар Грушко таксама дадаў, што Ўкраіна чакае на вынікі другога туру галасаваньня ў тых акругах, дзе кандыдаты не набралі неабходных галасоў і тады ацэніць вынікі выбарчай кампаніі агулам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG